Свята сунічных бароў
У маляўнічым пасёлку Дабрамыслі аднайменнага аграгарадка Лёзненскага раёна ў каторы ўжо раз прайшло абласное “Свята сунічных бароў”. У якасці канкурсантаў тут выступаюць самадзейныя паэты і кампазітары, якія сёлета з’ехаліся сюды з усіх раёнаў вобласці і гарадоў абласнога падпарадкавання. Сенненцы ў “Свяце” заўсёды прымаюць не толькі самы актыўны ўдзел, але і займаюць прызавыя месцы. Летась, напрыклад, сярод самадзейных паэтаў перамогу святкавала Наталля Васільеўна Бязлюдава (ТЦСАН).
Сёлета Дыплом ІІ ступені “Залатая нота” ўручаны самадзейнаму кампазітару Ігару Аляксандравічу Клячыну за музыку да песні на словы Дзіяны Астахавай “Ефрасіння Полацкая”, якую з густам і па-майстэрску выканала Віялета Хурко.
У конкурсах прынялі ўдзел Аляксандр Губарэвіч (кампазітар) з Сянно і Паліна Пядачкіна (паэт) з Багушэўска, якія таксама ўзнагароджаны дыпломамі.
Дыплом І ступені дастаўся самадзейным артыстам з горада Рудня Смаленскай вобласці. Хаця, паклаўшы руку на сэрца, можна сказаць, што нашы былі не горшыя. Проста журы аказалася больш прыхільным да расіян.