На Сенненшчыне прайшоў ІV усераённы бацькоўскі сход

П’янства — біч грамадства, алкагалізм – прычына  многіх бед і трагедый, п’яніца— патэнцыяльны злачынца. Гэтыя сцвярджэнні мы чуем пастаянна. Гучаць яны са старонак друкаваных выданняў, шмат гаворыцца пра гэту заганную з’яву з экранаў  тэлевізараў, з трыбун сходаў і нарад. І не проста гаворыцца, з п’янствам і алкагалізмам пастаянна вя­дзецца барацьба на дзяржаўным узроўні. У нашым раёне гэтай праблеме таксама надаецца вялікая ўвага, п’янству  аб’яўлены бой.

Кагосьці ўдаецца пераканаць у шкоднасці і небяспецы сяброўства з чаркай, кагосьці прыходзіцца прымусіць адмовіцца ад сумніцельнага задавальнення, а кагосьці ўсё ж такі «зялёны змій» перамагае. І асабліва страшна, калі ў лік  апошніх трапляюць жанчыны-маці, якія прызваны самой прыродай быць ахоўніцамі сямейнага ачага і свайго патомства.

 Зразумела, дрэнна, калі п’юць мужчыны. Гэта шкодна для іх саміх і для грамадства. Але калі п’юць жанчыны, ствараецца пагроза будучыні народа, чалавецтва. Дзеці піту­шчай маці аказваюцца кінутымі на волю лёсу і яе ўласнага, непрыгоднага для пераймання, прыкладу.

 Для чарговай шчырай гутаркі сем’і, дзе дзеці знахо­дзяцца ў сацыяльна небяспечным  становішчы, былі запрошаны на раённы бацькоўскі сход. Такое мерапрыемства, дарэчы, праводзілася ў чацвёрты раз, а назва яго, «Ребёнок учится тому, что видит у себя в дому», гаварыла сама за сябе.

 У сходзе прымалі ўдзел педагогі, медыкі, работнікі праваахоўных органаў, прадстаўнікі грамадскасці, духавенства, раённай газеты.

 Дрэннае становішча дзяцей у сям’і — праблема дзяржаўная. Таму адкрыла раённы бацькоўскі сход намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па справах непаўналетніх, старшыня раённага савета жанчын Зоя ФАМІНА. Яна, звярнуўшыся да бацькоў (у большасці маці), якія прысутнічалі ў зале, разважала над парадаксальнай сітуацыяй, калі  на пасяджэннях камісіі па справах непаўналетніх гора-матулі праліваюць слёзы і запэўніваюць, што зменяць свае паводзіны, а потым бяруцца за старое. Атрымліваецца, што  іншыя людзі, але толькі не самі бацькі, зацікаўлены ў лёсе дзяцей.

 Выканаўчая ўлада і дзяржава ў цэлым многае робяць для таго, каб дайсці да кожнага з неблаганадзейных бацькоў. Гэты сход яшчэ адзін доказ таму. Хочацца спадзявацца, што большасць з запрошаных на сустрэчу бацькоў задумаецца над сваім жыццём, над тым, што  іх дзеці бачаць у сваім доме, што панясуць у будучыню, зазначыла намеснік старшыні райвыканкама. Калі хтосьці спатыкнуўся ў жыцці, ёсць шмат людзей, гатовых дапамагчы выправіць памылку, пазбавіцца ад заганнай звычкі — п’янства.

 Для дзяцей усё ж самымі роднымі і дарагімі людзьмі з’яўляюцца  бацькі, якімі б яны ні былі. А бацькі гэтыя не толькі не ствараюць належных умоў для жыцця, але і не жадаюць разлічвацца з дзяржавай, якая ўзяла іх сыноў і дачок на ўтрыманне. Зоя Сцяпанаўна заклікала запрошаных на сход бацькоў зрабіць так, каб не толькі дзяржава клапацілася пра іх патомства, але і самі мамы і таты.

 У раёне створана і вынікова працуе сістэма па ахове правоў дзяцей у ненадзейных сем’ях. Кожная такая сям’я знаходзіцца ў полі зроку сельскіх Саветаў, устаноў адукацыі, аховы здароўя, праваахоўных органаў. Зладжаная, мэтанакіраваная і настойлівая работа ўсіх структур прывяла да змяншэння колькасці нена­дзейных сямей у раёне. Аднак праблема сіроцтва пры жывых бацьках застаецца актуальнай.

 Сем’і, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы,  не задавальняюць элементарных патрэб дзяцей: у ежы, цяпле, доглядзе, чыстым адзенні.  Дзеці  абдзелены бацькоўскай ласкай і клопатам, увагай і любоўю. А яны цягнуцца да маці, як да сонейка…

 Каб паўздзейнічаць на душы бацькоў дзіцячай шчырасцю, прымусіць іх задумацца над тым, ці ўсё яны зрабілі для сваіх дзяцей, у час сходу быў паказаны музычны відэазварот «Як люблю цябе я, мама!».

 Пра тое, што адбываецца ў сучасных маладых сем’ях, ці ў дастатковай меры абаронены ў іх правы дзяцей, ці адчуваюць адказнасць за будучае маладыя людзі, якія аднойчы вырашылі быць разам, удзельнікам сходу расказала начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Вольга МЯЛЕШКА.

 У сваім выступленні Вольга Васільеўна адзначыла, што патрабаванні адно да аднаго ў маладых людзей пасля стварэння сям’і мяняюцца. Надыходзіць пара адказнасці і ўзаемных абавязкаў. Многія разумеюць гэта. І такія сем’і становяцца моцнымі. На жаль, у гэтым плане ёсць і іншая статыстыка. На 100 зарэгістраваных у раёне шлюбаў прыходзіцца 70 разводаў. За тры апошнія гады распалася кожная дзясятая сям’я. Усё часцей сем’і распадаюцца па прычыне алкагалізму.

Справа ў тым, што не ўсе маладыя людзі разумеюць тую адказнасць, якая з’яўляецца разам са стварэннем сям’і. Значыць, яны яшчэ не гатовы жыць сямейным жыццём.

 Ёсць і іншая катэгорыя моладзі, якая разумее, што шлюб нясе пэўныя абавязкі. Каб пазбегнуць іх і адказнасці за сям’ю і будучых дзяцей такія юнакі і дзяўчаты жывуць без рэгістрацыі, так званым грамадзянскім шлюбам. Таму ў 32% народжаных дзяцей у графе «бацька» значыцца выдуманая асоба. У такой сітуацыі знаходзяцца многія маці, якія прысутнічаюць у зале, адзначыла Вольга Мялешка. А ў выні­ку пакутуюць ні ў чым не вінаватыя дзеці. А калі яшчэ да іншых складанасцей дадаюцца праблемы з алкаголем,  жыццё  дзяцей ператвараецца ў штодзённы кашмар.  В.Мялешка, заклікала бацькоў зрабіць усё магчымае, каб вочы іх дзецей свяціліся толькі радасцю і шчасцем.

 Дзеці — люстэркавы адбі­так таго, што адбываецца ў іх дома. Дамашні гвалт нараджае ў маленькім чалавеку азлобленасць на ўвесь свет. Падлетак пачынае вымяшчаць назапашаную злосць на навакольных — ідзе з дому, курыць, ужывае алкаголь, наркотыкі, трапляе ў дрэнную кампанію, здзяйсняе правапарушэнні, гэта значыць, паўтарае жыццёвы шлях сваіх бацькоў.

  Пра тое, як даводзіцца вырашаць канфлікты паміж бацькамі, дзецьмі і грамадствам расказаў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Юрый ПРАКАПЕНКА. Асноўная прычына канфліктных сітуацый у сем’ях — п’янства, адзначыў Юрый Валер’евіч. Па гэтай жа прычыне пазбаўляюць бацькоўскіх правоў. Адбываецца такое не адразу. Мамам і татам даюць шанс і дапамагаюць  стаць на шлях выпраўлення. Але многія не хочуць выкарыстаць гэты шанс. У выніку не толькі страчваюць дзяцей, але і трапляюць «у месцы не вельмі аддаленыя». Каб гэтага не здарылася, Ю.Пракапенка заклікаў гора-бацькоў, пакуль яшчэ не позна, спыніц­ца і перагледзець свае жыццёвыя каштоўнасці. У членаў камісіі баліць сэрца, калі прыходзіцца забіраць дзяцей з сям’і і бачыць іх слёзы. Слёзы ж бацькоў гэтых няшчасных хлопчыкаў і дзяўчынак — толькі для віду. Наўрад ці змогуць такія бацькі абараніць і сагрэць дзіця на ўсё жыццё.

 Самыя блізкія людзі робяцца абыякавымі да такой ступені, што не абцяжарваюць сябе прыняццем мер па бяспецы сваіх малышоў ды і сябе саміх. Перад прысутнымі выступіў намеснік  начальніка РАНС Андрэй РОГАЎ. Ён расказаў пра абстаноўку з пажарам, якая характарызуецца  станоўчай  дынамікай па зніжэнні колькасці пажараў і гібелі людзей на іх як у рэспубліцы і  вобласці, так і ў раёне. Аднак з пачатку года па краіне ў пажарах загінула 865 чалавек, 15 з якіх — дзеці. У Віцебскай вобласці загінула 4 дзіцяці.

 Па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём у стане алкагольнага ап’янення ў нашым раёне загінула 6 чалавек. Іншымі вельмі распаўсюджанымі прычынамі пажараў у раёне з’яўляюцца дзіцячае свавольства з агнём і эксплуатацыя няспраўных ацяпляльных печаў. Супрацоўнік РАНС адзначыў: калі пажар адбываецца па віне домаўладальніка, дык пагарэлец атрымлівае яшчэ і штраф.

 Андрэй Уладзіміравіч растлумачыў як гінуць людзі на пажары і прадэманстраваў дзеянне аўтаномнага хатняга пажарнага апавяшчальніка, а таксама заклікаў набыць гэта ўстройства прысутных бацькоў, каб забяспечыць бяспеку дзяцей. У канцы свайго выступлення Андрэй Рогаў пракаменціраваў відэаролік «Дзеці ў бядзе».

 Увазе ўдзельнікаў сходу быў таксама прадстаўлены відэасюжэт пра перажыванні дзяўчынкі, якую маці прамяняла на ўладкаванне ўласнага жыцця і гарэлку. Дзяўчынка на экране гуляла ў зусім не дзіцячыя гульні. Яна рабіла тое, што бачыла вакол сябе дома, бо іншага не ўяўляла. Дзяўчо не хацела вяртацца дадому і скончыла жыццё самагубствам. А маці ў п’яным угары так і не заўважыла, што яе дзіцяці няма…

 Аб праблемах, якія нясе з сабою п’янства, расказаў урач-нарколаг Сяргей КАРАСЬ. Каб адбыліся нейкія станоўчыя змены ў ладзе жыцця чалавека, які злоўжывае спіртным, трэба каб ён усвядоміў (пакуль яшчэ «не прапіў мазгі»), што жыве няправільна, што прыйшоў час спыніцца і нешта мяняць у жыцці.

 У сем’ях, дзе бацькі п’юць, і дзеці часцей за ўсё ідуць па той жа дарожцы, адзначыў Сяргей Аркадзьевіч. 37 падлеткаў, якія ўжываюць алкаголь, знаходзяцца на прафназіранні. На ўліку    ў раённым наркалагічным кабінеце стаіць падлетак — хранічны алкаголік. Звычайна першую чарку такія дзеці атрымліваюць з рук бацькоў, а цяга да алкаголю закладваецца на генным узроўні. У сем’ях, дзе дзіця застаецца без нагляду, яно можа «захапіцца» не толькі спіртным, але і наркотыкамі. І гэта таксама будзе на сумленні бацькоў.

 На сходзе выступіў старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл ВІЛЮГА. Ён агучыў перад прысутнымі наступную інфрамацыю. На тэрыторыі нашага раёна пражывае 246 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без папячэння бацькоў, 219 з іх — сіроты пры жывых бацьках.

 143 дзіцяці з 83 сямей знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі, якая ствараецца з-за п’янства бацькоў. У такой неўладкаванай сям’і дзіця не атрымлівае сацыяльнай дапамогі. Яно пачынае адставаць у школе, бо дома з ім не займаюцца, не ўмее сябраваць з аднагодкамі.

 За шэсць гадоў дзеяння Дэкрэта №18 у бацькоў забрана 161 дзіця. У біялагічныя сем’і вернута толькі 73. Таты і маці астатніх не змаглі ці не захацелі нічога мяняць у сваім бесталковым жыцці. 88 дзяцей перададзены на выхаванне ў іншыя сем’і, дзе знайшлі цяпло, любоў і клопат.

 За сёлетні год 14 дзяцей, з 20 адабраных у 17 бацькоў, вярнуліся ў біялагічныя сем’і. Бацькі 7 дзяцей адноўлены ў бацькоўскіх правах. І ў той жа час, 10 бацькоў пазбаўлены бацькоўскіх правоў: 17 дзяцей страцілі родныя сем’і. Цяпер у сацыяльным прытулку знаходзяцца 8 рабят, лёс якіх яшчэ нявырашаны.

 У раёне пражываюць 109 абавязаных асоб, 14 з якіх знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, 2 — у вышуку. Сума, якая падлягае спагнанню з іх, складае  амаль 2 мільярды рублёў. Абавязанымі асобамі кампенсавана толькі крыху больш за мільярд. Але будуць прыняты ўсе меры, каб спагнаць усю суму. Дзяржава  гатова выхоўваць дзяцей, але лепш было б, каб бацькі зразумелі, што іх дзецям будзе добра толькі ў сям’і, зазначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў.

 На сходзе таксама выступілі старшыня раённага савета ветэранаў Ядвіга Сыраваткіна, пракурор раёна Уладзімір Рудзянкоў,  начальнік  РАУС   Міхаіл Архіпаў, пратаіерэй айцец Мікалай.

 Расказала пра сваё жыццё Святлана Гарадзецкая, маці, якая толькі пасля адабрання дзяцей, змагла зразумець, што самае галоўнае ў яе жыцці — гэта яе сын і дачка. Дзякуючы ўласным намаганням, яна аднавілася ў бацькоўскіх правах і зноў стала добрай маці.

 На бацькоўскі сход прыйшлі выхаванцы дзіцячага сацыяльнага прытулка і члены агітбрыгады школы №1 г.Сянно. У сваіх выступленнях яны таксама звярталіся да бацькоў, якія прысутнічалі ў зале. Да іх былі звернуты  і словы вядучых сходу Наталлі Рыбчанка, намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх і Ганны Шыбека, метадыста аддзела адукацыі: «Мы спадзяемся, што тыя словы, якія вы сёння пачулі ад выступаўшых, абудзяць у вас сумленне і свядомасць».

 Няхай так і будзе!

 Таццяна Буракова.

На здымках: у час Іv раённага бацькоўскага сходу выступаюць дзеці.