Вуснамі сенненскіх дзетак

Не пазнала

 У касцюмах Дзеда Мароза і Снягуркі да двухгадовай дзяўчынкі прыйшлі сваякі. Пасля віншаванняў, уручэнняў падарункаў госці развіталіся. Маці было цікава, ці пазнала іх дачушка. 

— Хто да нас прыходзіў?

— Хто-хто? Цёця Марына і Дзед Мароз!

Правёў урок

 У чарзе ў школьнай сталовай дзве настаўніцы размаўлялі паміж сабой. Першакласніку, які стаяў за імі, надакучыла іх слухаць.  

 — Цёценькі, вы размаўляць сюды прыйшлі  альбо купляць?

— Мы пра работу, — апраўдваліся тыя.

— Няважна! Калі вы нічога не бу­дзеце браць, тады прапусціце мяне — хутка перапынак скончыцца, і я не паспею купіць сабе піражок.

Хутчэй дадому

 Падчас ранішніка ў садку дзеці запрасілі сваіх бацькоў:

 — Мамачка, пойдзем адсюль дадому, — папрасілася праз некаторы час дзяўчынка, — толькі зойдзем у групу і забяром мой пакецік з абаранкамі.

 — А як жа свята?

 — Яны без мяне справяцца.

Не трэба хваляваць

— Мама, я уключу бабулі камп’ютар, — просіць маленькі хлопчык.

— Ты ж не ўмееш.

— Я паспрабую, можа атрымаецца. Бабуля вельмі хоча мульцік паглядзець пра Машачку. Уляглася на канапе і чакае.

Навучуся, толькі потым

— Тата, апрані мне какалюш, я пайду на вуліцу, — папрасіў Антон.

— Правільна трэба гаварыць не какалюш, а капялюш, — паправіў бацька.

 — У мяне так не атрымліваецца.

— А ты імкніся.

— Добра,  на вуліцу схаджу, а потым буду імкнуцца.

«Цудоўны» падарунак

 Пасля свята ў дзіцячым садку:

 — Якую ты мне прыгожую кветачку зрабіла! Дзякуй, дачушка!

 — Калі ласка, мама. Толькі гэта не я, гэта Наталля Міхайлаўна ўсім матулям рабіла.

 У сталіцу і назад

 Маленькі хлопчык, які прыехаў да бабулі са сталіцы, папрасіўся ў туалет. Адзін гаршчок яму далі — не тое, другі — зноў не тое. Са слязамі на вачах хлопчык падышоў да маці: «Мама, завязі мяне дадому ў тулает. Мы хуценька — туды і назад.»

 Падслухала Ала ЯКАЎЛЕВА.

 Таксама ў першым нумары гэтага года дзіцячай старонкі «Галасок» («Голас Сенненшчыны» за 5 студзеня 2013 года №1) вы знойдзеце цікавыя  гульні, загадкі, вершы.