Што агульнага ў матэматыкі і бісерапляценні ведаюць у Багушэўскай СШ №2
Трэці год у Багушэўскай сярэдняй школе №2 працуе гурток «Рукадзельніца». Вядзе яго Наталля Прыхожая. У жанчыны добра атрымліваецца сумяшчаць выкладанне матэматыкі і заняткі па вышыванні.
Гурток «Рукадзельніца» аб’яднаў 13 захопленых творчасцю дзяцей, вучняў як пачатковых, так і старэйшых класаў. Сярод дзяўчат — адзін хлопчык. А гэта даказвае, што і мужчыны могуць займацца такой карпатлівай справай як вышыванне.
Заняткі ў гуртку праходзяць раз на тыдзень. Але з-за вучэбнага графіка не ўсе жадаючыя могуць наведваць гурток адначасова. Таму Наталля Віктараўна знаходзіць час, каб дадаткова сабраць дзецей.
Па просьбе дзяцей гурткоўцы асвойваюць зараз бісерапляценне: робяць статуэткі, карціны, пярсцёнкі, бранзалеты — каму што падабаецца. «На маіх занятках дзеці не проста ствараюць прыгожыя рэчы, — гаворыць настаўніца. — Вышыўка і бісерапляценне развіваюць дробную маторыку рук: пальцы становяцца спрытнымі. Апроч таго, вучні выпрацоўваюць у сабе такія якасці як уседлівасць, сабранасць».
Наталля Віктараўна даўно займаецца вышыўкай. Калісьці звычайная цікаўнасць перарасла ў любімае хобі. Асвойвала тэхніку самастойна: з дапамогай часопісаў, штосьці падказваў інтэрнэт, дзе знаходзіла вялікую колькасць схем, парад. Занятак маці пераняла і дачка Аня, якая таксама любіць вышываць, з’яўляецца актыўным гурткоўцам «Рукадзельніцы».
«Наталля Віктараўна — сапраўдная майстрыха, — гаворыць пра калегу па працы Святлана Казлова. – Дзеткам ёсць чаму ў яе павучыцца».
Навучэнцы Наталлі Прыхожай не першы год удзельнічаюць у раённым конкурсе «Калядная зорка», займаюць прызавыя месцы. Дзяўчаты старэйшых класаў не спыняюцца на гатовых схемах вышыўкі з часопісаў. З дапамогай камп’ютара і Наталлі Віктараўны распрацоўваюць свае ўзоры.
Тыя, хто мяркуе, што вышыўка і бісерапляценне сёння не ў модзе, глыбока памыляюцца. У рэч, зробленую рукамі, майстры ўкладваюць частачку сваёй душы, творчасці, магчыма, таму і прыносіць яна свайму ўладальніку задавальненне.
Ала ЯКАЎЛЕВА.