Работу сацустаноў Сенненшчыны адзначылі станоўча

Сёння супрацоўнікі Сенненскага ТЦСАН святкуюць сваё прафесійнае свята — Дзень работнікаў сацыяльнай абароны. Па стане на 1 снежня 2012 года на ўліку цэнтра знаходзіцца 348 адзі­нокіх грамадзян, 3829 адзінока-пражываючых, 1513 інвалідаў, 8311 атрымальнікаў працоўных пенсій. 96 сацыяльных работнікаў абслугоўваюць амаль 500 састарэлых (пераважна ў сельскай мясцовасці). Пры такой шчыльнасці ў кабінеце дырэктара ТЦСАН Тамары Смірновай (як, дарэчы, і ў яе падначаленых) тэлефон практычна не змаўкае. І гэта зразумела, бо тут працуюць людзі, для якіх аказанне дапамогі пажылым і адзінокім стала не толькі прафесіяй, але і неад’емнай часткай жыцця.

 У рамках курсаў павышэння кваліфікацыі кадраў органаў дзяржаўнага кіравання на базе Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта для спецыялістаў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адбыўся семінар-практыкум, які прадугледжваў наведванне шэрагу ўстаноў сацыяльнага прызначэння. Прадстаўнікі ТЦСАН з усёй вобласці, а таксама камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама пабывалі ў Бешанковіцкім, Сенненскім раёнах, Чыгуначным раёне Віцебска, дзе пазнаёміліся з дзейнасцю тэрытарыяльных цэнтраў. 

Як рэалізуюцца задачы па сацыяльнай абароне найбольш неабароненых катэгорый грамадзян на Сенненшчыне, госці змаглі ўбачыць на прыкладзе работы аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў у райцэнтры, аддзялення штодзённага знахо­джання для састарэлых у аграгарадку Багданава. Інавацыйныя формы работы з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі прадэманстравалі ў Багушэўскім доме-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

 Спецыялісты вельмі высока ацанілі ўзровень работы раённых сацыяльных службаў. Перш за ўсё калег па сацрабоце ўразіла добрае матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне ўстаноў. Да прыкладу, умовы жыцця ў багданаўскім аддзяленні максімальна набліжаны да камфортных: утульныя пакоі, наяўныя выгоды, медыцынскія паслугі, добрае харчаванне. Не кожны з насельнікаў аддзялення можа пахваліцца такой  утульнасцю ва ўласным доме. Якасць паслуг забяспечвае ў тым ліку і новае сучаснае абсталяванне кухні і пральні. Ну і, канешне, шмат чаго залежыць ад калектыву. Аб  29 састарэлых (колькасць пражываючых на 1.12.2012 г.) тут клапоцяцца 14 чалавек. Яны забяспечваюць не толькі першасныя патрэбы сваіх падапечных, але і духоўныя. Ва ўстанове ладзяцца шмат культурна-масавых мерапрыемстваў, арганізоўваюцца канцэрты артыстаў мастацкай самадзейнасці, ды і самі насельнікі з задавальненнем удзельнічаюць у гуртках.

 Да слёз расчулілі гасцей выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў. Лепшай справаздачай аб дзейнасці  ўстановы сталі фотавыстава  і выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, зробленых рукамі інвалідаў.

 Усё гэта стала магчымым дзякуючы  працы спецыялістаў усіх  узроўняў,  дзейнасці калектыву, што праводзіцца ў цеснай звязцы з раённай вертыкаллю і ў прыватнасці, намеснікам старшыні райвыканкама Зояй Фаміной, якая, да слова, вітала гасцей семі­нара на сенненскай зямлі. Без  падтрымкі і ўвагі прадстаўніка ўлады, дабіцца такіх добрых вынікаў было б куды цяжэй.

 Добрыя стасункі ўсталяваліся з рознымі арганізацыя­мі, прадпрыемствамі, грамадскімі аб’яднаннямі. Частыя госці ў аддзяленнях члены Беларускага саюза жанчын, БРСМ, райкама прафсаюза працаўнікоў АПК, супрацоўнікі ПС «Дружба», ЦБП ААТ «ААБ Беларусбанк». Значную дапамогу аказваюць індывідуальныя прадпрымальнікі, а таксама жыхары раёна, якія не абыякавыя да   людзей, пакрыўджаных лёсам.

 Вопыт падобных прадукцыйных узаемаадносін уладных, сацыяльных, грамадскіх і прадпрымальніцкіх структур, на думку прадстаўнікоў аблвыканкама, варта пераняць і іншым раёнам.

 Вольга БАНДАРЭВІЧ.