Для “царыцы” — “Ягуар”

Кукурузнае поле ля комплексу па вырошчванні буйной рагатай жывёлы ААТ “Сенненскі райаграсервіс” яшчэ радуе вока  сваёй зелянінай.  Буйныя пачаткі поўныя спелага зерня. Але зямля ўжо растрэскалася, а за камбайнамі, якія жнуць кукурузу, узнімаецца густы пыл.

 — Калі б не арганіка, якой багата  ўдобраны навакольныя палі, даўно  б усё пагарэла, — з горыччу гаворыць Аляксандр Пракаповіч, галоўны аграном акцыянернага таварыства. – Угадайце, колькі зялёнай масы збіраем з гектара гэтага поля? Не 300 і нават не 250 цэнтнераў. А ўсяго 150. Маса ёсць. Вагі няма.

 Спецыяліст добраразумее, што ад гэтага  пажыўных  рэчываў у сіласе не становіцца менш. Яго турбуе іншае: нізкімі будуць вага, выхад прадукцыі, нізкім – паказчык ураджайнасці, за які з яго спытаюць. А галоўнае людзі, механізатары, якія працуюць на “Ягуарах”, вадзіцелі, занятыя на адвозцы  зялёнай масы, не атрымаюць дастойнай зарплаты.

  Уяўляеце, якую плошчу  трэба ўбраць, каб нажаць на такой высокапрадукцыйнай машыне, як “Ягуар”, на норму, колькі рэйсаў трэба зрабіць, каб перавезці  да ўстаноўленага задання?

 — Убіраем толькі некалькі дзён. Норму вы­працоўкі  не пераглядалі, але, відаць, давядзецца. На іншых палях кукурузная маса яшчэ больш легкаважная, — згаджаецца Мікалай Курс, намеснік дырэктара райаграсервісу.

 Зрэшты, такія абставіны на працы механізатараў, вадзіцеляў корманарыхтоўчага звяна ніяк не  адбіваюцца. Камбайны Пятра Агеенкі і Аляксандра Кармазіна без супыну рухаюцца адзін за адным па полі. Механізатары працуюць як заведзеныя, добра адрэгуляваныя аўтаматы. Адвозку зялёнай масы забяспечваюць вадзіцелі Ігар Баранок, Сяргей Мацкевіч, Генадзь Сідуноў, Валерый Окунь, Вячалаў Міхалёнак, Аляксандр Сухвал. У склад корманарыхтоўчага звяна ўваходзяць таксама Аляксандр Пачко і Пётр Пархоменка. Яны, змяняючы адзін аднаго, працуюць на трамбоўцы зялёнаймасы круглыя суткі. Толькі такім спосабам можна дабіцца высокай якасці кукурузнага сіласу.

 У ААТ “Сенненскі райаграсервіс” кукурузай занята 600 гектараў – гэта самы вялікі ў раёне клін.Больш палавіны яго скошана і засіласавана. На ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы нарыхтавана  па 20,49 цэнтнера  кармавых адзінак, што вышэй мінулагодняга паказчыка, але ніжэй планавага задання.

Аляксандр Лазюк.

 На здымках: Вячаслаў Міхалёнак заняты на адвозцы зялёнай масы; Аляксандр Кармазін, машыніст камбайна “Ягуар”; уборка кукурузы на сілас у ААТ “Сенненскі райаграсервіс”.