КПБ — адзіная на Сенненшчыне

Раённая партыйная арганізацыя Камуністычнай партыі Беларусі, якая налічвае 32 камуністы, правяла ІХ справаздачна-выбарчую канферэнцыю. Першым сакратаром райкама зноў абраны Уладзімір Бяляцкі.

Большасць камуністаў жыве ў Сянне і Багушэўску, буйных сельскіх населеных пунктах. Па сацыяльнай прыналежнасці гэта служачыя, пенсіянеры, рабочых толькі двое. Працуюць у сферы адукацыі, у медычных установах, будаўніцтве. Адзін з камуністаў раённай арганізацыі з’яўляецца членам раённага выканаўчага камітэта. Больш за 50 % членаў партыйнай арганізацыі маюць узрост 50 і больш гадоў. У шэрагах камуністаў ёсць удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку Аляксандр Клячын, былы партызанскі камандзір, якому гэтым летам споўнілася 100 гадоў.

 За апошнія гады раённая партыйная арганізацыя папоўнілася моладдзю. Перад пачаткам справаздачнай канферэнцыі партыйныя білеты былі ўручаны тром асобам, у тым ліку Ганне Падалінскай, 24-гадовай супрацоўніцы вытворча-тэхнічнага аддзела УП «Сяннобудмеліяводгас».

 Камуністы не стаяць у баку ад грамадскіх спраў. У час выбарчых кампаній яны працуюць у камісіях, выступаюць у якасці наглядальнікаў. У час выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў у парламент збіралі подпісы ў падтрымку вылучэння кандыдатуры Аляксандра Папкова ў якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пятага склікання.

 Прадстаўнікі КПБ і самі прэтэндавалі на месца ў парламенце. Па краіне быў зарэ­гістраваны 21 кандыдат ад партыі, 3 з іх увайшлі ў склад вышэйшага заканадаўчага органа Беларусі.

 У Год кнігі сенненскія камуністы папоўнілі бібліятэку Канстантоўскай школы выданнямі з уласных збораў. Сярод іншых грамадскаважных спраў — актыўны ўдзел у суботніках, пад­трымка іншых ініцыятыў улады. Камуністычная партыя Беларусі не стаіць у апазіцыі да яе. Наадварот, камуністы шукаюць і знахо­дзяць паразуменне на ўсіх узроўнях улады. Менавіта таму на канферэнцыі прысутнічалі прадстаўнікі грамадскіх і ўладных структур, у тым ліку Зоя Фаміна, намеснік старшыні  Сенненскага райвыканкама. Як яна заўважыла, у раёне сваё прадстаўніцтва мае толькі адна партыя — КПБ. Акрамя таго зарэгістравана 8 грамадскіх аб’яднанняў.

 Згодна з заканадаўствам у Беларусі партыі не могуць мець свае структуры на прадпрыемствах, у арганізацыях. Нельга весці ў калектывах прапаганду сваіх ідэй. Але працаваць можна па месцы жыхарства. І камуністы будуць гэтым займацца. На бліжэйшыя гады пастаўлена задача павелічэння складу партыйнай аргані­зацыі, колькасці прыхільнікаў камуністычнай ідэі.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

 НА ЗДЫМКУ: Уладзімір Бяляцкі ўручае партыйны білет Ганне Падалінскай.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *