Каб ад вады не было бяды

  

Нягледзячы на тое, што на календары канец жніўня і лета вось-вось уступіць свае пазіцыі залатой восені, купальны сезон у самым разгары. І не дзіва. Слупок тэрмометра зашкальвае.  Тэмпературай у 30 градусаў ужо нікога не здзівіш.  Вось і спяшаецца народ да вадаёмаў, каб хоць на невялічкі тэрмін астудзіцца. Прыносяць з сабой адпачываючыя не толькі напіткі і сокі, а часам прыпасаюць бутэлечку-другую спіртных напояў. Ды гэта толькі паўбяды. Страшна становіцца, калі, ледзь стоячы на нагах, аматары спіртнога заходзяць у ваду. Адсюль і сумная статыстыка. У гэтым годзе на вадаёмах Беларусі патанула больш за 900 чалавек. За аналагічны перыяд мінулага года гэтая лічба была на сотню меншая. 70% загінуўшых знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

 З мэтай прафілактыкі гібелі людзей на вадзе пракуратурай Сенненскага раёна сумесна з супрацоўнікамі РАУС, ДУ “Сенненскі РЦГЭ”, рэдакцыі і АСВОДа быў праведзены рэйд. У цэнтры ўвагі апынуліся берагі азёр.

 Прыемна здзівіла тое, што ні на адным з вадаёмаў, што знаходзяцца паблізу Сянно, не было людзей у нецвярозым стане, ніхто з прысутных не распіваў спіртныя напоі. Як вядома, адказнасць за такія дзеянні прадугледжана артыкулам 17.3 КаАП Рэспублікі Беларусь. Сенненскім РАУС за гэты год складзены 74 пратаколы за парушэнне артыкула. Штрафы складаюць 8 базавых велічынь. Цікавіла правяраючых і работа выратавальнага паста АСВОДа на возеры Сенненскае. Кожны дзень тут дзяжураць выратавальнікі, якія сочаць за паводзінамі людзей на вадзе.  А таму і павінны быць у наяўнасці першасныя сродкі выратавання: камізэлька, круг, лодка.

 Як вядома, парадак на пляжы ў першую чаргу залежыць ад саміх адпачываючых. Прыбраць бутэлькі, паперкі  цяжкасці вялікай няма, гэта робяць супрацоўнікі ЖКГ штодзёнь. А вось пазбавіць бераг ад коркаў, акуркаў, семечкавага шалупіння не так і проста. Як паведамілі ў ДУ “Сенненскі РЦГЭ”,  “…на тэрыторыі зоны адпачынку возера Сенненскае не праведзена ачыстка ад адзінкавага бытавога смецця (акуркаў, бітага шкла, рэшткаў фруктаў). Не праведзены ўборка і дэзінфекцыя грамадскага туалета, памыйная яма не мае шчыльна прылягаючай накрыўкі. Прыбярэжная зона не абкошана…” Гэта  павінны рабіць супрацоўнікі ЖКГ.

 Давялося пагутарыць і з адпачываючымі.  Сенненскі пляж ім падабаецца. Толькі не задавальняе тое, у якім стане знаходзіцца праезд з вуліцы Пралетарскай на Святлічнага. Па ім ходзіць да возера большая частка людзей. А ён з кожным годам становіцца больш падобным на сцяжынку.

 Пабывалі правяраючыя і на  месцах адпачынку ля азёр Тухінскае і Рахальскае.  На Тухінцы быў парадак. А на беразе Рахалкі валяліся пластыкавыя бутэлькі, папера…

 Зразумела, што прыставіць прыбіральшчыкаў да кожнага вадаёма не атрымаецца. Але ж тут устаноўлены кантэйнеры для смецця. Чаму толькі яно валяецца побач? На гэтае пытанне павінны адказаць адпачываючыя.

 Кацярына КАРПОВІЧ