У колькі абыдзецца сенненцам навагодняя ёлачка ?

Ажывіўся ў гэтыя дні гандаль у аддзеле «Дзіцячы свет» гарадскога ўнівермага, дзе ў секцыі навагодніх упрыгажэнняў прадстаўлены шырокі выбар аксэсуараў.

У колькі сенненцам абы­дзецца галоўны сімвал свята і адпаведная для яго атрыбутыка? Такім пытаннем задалася карэспандэнт раённай газеты і адправілася ў магазін.

Невялікая, у паўтары метры штучная ёлка каштуе 385 тыс. беларускіх рублёў. Упрыгожанні для яе выбраць аказалася не так і праблематычна. Асартымент магазіна ўражвае. Кошт на шарыкі залежыць ад іх памеру і аздаблення. Самыя танныя і, адпаведна, просценькія — 1100 руб., даражэйшыя, з бліскаўкамі, — 7170. Прапануюцца і цэлыя наборы: 24 маленькіх шарыкі абыдуцца ў 26 тысяч, 20 вялікіх — у 85000. Усе цацкі — кітайскай вытворчасці, зробленыя з пластмасы альбо з апрацаванага пенапласту. Як адзначыла прадавец, шкляныя ім даўно ўжо не прывозяць.

Гірлянды, мішура і ёлачныя каралі таксама ў вялікай колькасці і па розных коштах. Напрыклад, за трохмятровую гірлянду пры­дзецца аддаць каля 20 тысяч.

Вельмі была здзіўлена, калі на паліцы ўбачыла гумавыя фігуркі Дзедаў Марозаў, Снягурачак і Снегавікоў. У часы майго дзяцінства яны былі пластмасавыя. «І іх бяруць, — адзначыла жанчына-пакупніца, — і сабе пад ёлку, і ў падарунак. 30 тысяч не так і дорага».

Пад ёлку хочацца паставіць не толькі галоўных персанажаў свята, але і сімвал надыходзячага 2013 года — змяю, яшчэ 70 тысяч.

Падсумоўваем. Для ўпрыгажэння ёлкі спатрэбіцца 2-3 упакоўкі шарыкаў рознага памеру (на гэта ў нас пойдзе 111 тысяч), гірлянда з агеньчыкамі (35 тыс.), 2 упакоўкі караляў (32 тыс.), крыху мішуры (20 тыс.). Усяго — 583 тысячы.

Да святаў можна падрыхтавацца танней. Па-першае, набыць жывую ёлку, а гэта ўжо значная эканомія, а па-другое, зрабіць упрыгажэнні сваімі рукамі. Упэўнена, атрымаецца не горш.

Ала ЯКАЎЛЕВА.