Як вы ацэньваеце работу дарожнікаў і жыллёва-камунальнай гаспадаркі? — з гэтым пытаннем журналісты «Голасу Сенненшчыны» звярнуліся да некаторых службовых асоб.
Сёлета зіма прыйшла ў адпаведнасці з календаром. І адразу засыпала зямлю снегам. Ападкі выпадаюць ці не кожны дзень, што прыносіць шмат клопатаў людзям.
Святлана Аніковіч, начальнік аўтастанцыі г.Сянно.
— Пакуль што аўтобусы па маршрутах рухаюцца згодна з графікам нават раніцай. У горадзе дворнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі таксама рэгулярна ачышчаюць ад снегу аўтобусныя прыпынкі, падыходы да пешаходных пераходаў. Згодна з дагаворам, які заключаны паміж аўтапрадпрыемствам №20 і РУП ЖКГ, прывакзальная плошча таксама чысціцца ад снегу па нашай заяўцы.
Леанід Шаеў, старшыня выканкама Машканскага сельскага Савета дэпутатаў.
— Снег па вуліцах Машканоў, Масор, Новай Обалі расчышчаецца тэхнікай РУП ЖКГ. На ўчастках яе для гэтага дастаткова. Аднак трактары выводзіць на расчыстку снегу трэба раней, магчыма — у 3-4 гадзіны раніцы, каб людзі на працу ішлі па расчышчаных вуліцах. З такой маёй прапановай пагадзіўся і дырэктар прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пасля размовы прайшло два дні — тэхніка па новым графіку на расчыстку выходзіць не стала.
У Круглянах, іншых населеных пунктах аднаіменнага акцыянернага таварыства снег чысціць тэхніка сельгасарганізацыі. А вось паліва для яе работы пастаўляе ДРБУ-146. ДП «Саўгас імя Машэрава» вуліцы сваіх аддаленых населеных пунктаў чысціць з дапамогай уласнай тэхнікі.
Любоў Трубека, старшыня выканкама Багушэўскага пасялковага Савета дэпутатаў, член раённага выканаўчага камітэта.
— У Багушэўску вуліцы пасёлка чысціць тэхніка некалькіх арганізацый. Пакуль што разумення не знаходзім толькі са спецыялістамі ДРБУ-146. Яны абслугоўваюць вуліцы Шашэйную, Кірава, Калгасную, Гараўца і Камарова. Праезную частку ачышчаюць ад снегу, тратуары — не, лічаць, што гэта не іх справа. Але ж на названых вуліцах тратуараў няма, ёсць пешаходныя дарожкі, якія з’яўляюцца працягам праезнай часткі вуліц.