Добра зарабляць можна и дома

У наш час  (як, напэўна, і ў іншыя) грошы адыгрываюць далёка не апошнюю ролю ў жыцці любога чалавека. Асабліва маладога, які распачынае  самастойнае жыццё, стварыў сям’ю, нарадзіў дзяцей. Прыказка “з мілым рай і ў  шалашы” даўно ўжо  ўстарэла. Кожная сям’я жадае абзавесціся  больш-менш прыстойнай кватэрай. А гэта  не шалаш – на такое жыллё патрэбны грошы. І па нашых мерках – немалыя. Вось і імкнуцца маладыя бацькі сямействаў зарабіць гэтыя грошы. Такія адказныя адносіны  да будучага можна толькі вітаць.

 Хаця часта  заробкі не садзейнічаюць умацаванню  маладой сям’і. Асабліва, калі яе галава шукае вялікія грошы ўдалечыні ад дома.  Нярэдка здараецца, заканчваюцца гэтыя пошукі разладам у сямейным жыцці: ці жонка не вытрымлівае адзіноты і заводзіць сабе  кавалера, ці муж не жадае вяртацца да сваёй палавіны, знайшоўшы пасію ў далёкіх краях. Ёсць такія (цяпер ужо былыя) сямейныя пары і сярод сенненцаў. Толькі не хочацца называць іх прозвішчы, каб не падсыпаць, як кажуць, соль на раны.

 А колькі здароўя адбіраюць заробкі “на стороне”. “Рабсіла”, якая прыбывае з-за мяжы, часта і за людзей не лічыцца. Жыць нашым землякам  часцяком даводзіцца ў нейкіх бараках-вагончыках (у добрага гаспадара  хлеў для жывёлы лепшы), харчавацца ўсухамятку, чым бог пашле. Бывае, у вагончыках-хлявах ахвотнікі да  “вялікіх” грошай гараць. Ведаю гэта не па чутках. Такое няшчасце здарылася са сваяком: ледзь паспеў выскачыць у трусах і з пашпартам у руцэ. Яшчэ і за вагончык гаспадар вылічыў. Вось табе і заробкі.

 Разам з грашамі прывозяць язвы, гастрыты. Лечацца потым усё астатняе жыццё. Каб вярнуцца з “цяжкой” кішэняй, працуюць па 16 гадзін, і не як-небудзь, перавальваючыся. Нашы айчынныя “перакуры” там не праходзяць. Ды і заробленае можна не атрымаць. Зноў жа, не буду называць прозвішчы, але ёсць і ў нашым раёне людзі, якім  нават вярнуцца дадомуне было за што: дабіраліся дзе аўтастопам, а дзе і пехам. Дома такіх гора-здабытчыкаў яшчэ і адмываць-адкормліваць прыйшлося. Якія  ўжо тут вялікія грошы. Ведаю выпадак, калі сенненскага хлопца шукалі нават праз Інтэрпол. Ён быў у заробках у адной з былых сацыялістычных краін. Пастаянна падтрымліваў сувязь з роднымі. Перад Новым годам  патэлефанаваў маці, што атрымаў разлік і хутка будзе дома. Выйшлі ўсе тэрміны, а сын усё не прыязджаў, не было і тэлефонных званкоў. Маці аж счарнела ад перажыванняў. Добра, захаваўся нумар тэлефона гаспадара, у якога працаваў хлопец. Той пацвердзіў, што такі чалавек сапраўды рабіў у яго, але атрымаў разлік і з’ехаў. Родныя  звярнуліся ў Сенненскі РАУС. Міліцыянерам гаспадар адказаў тое ж самае. Тады беларускія праваахоўнікі звязаліся з Інтэрполам. Высветлілася наступная непрыемная карціна. Гаспадар сапраўды разлічыў работніка. Але далёка той не паспеў адысці, не то што ад’ехаць. Яго перанялі “напрошаныя” работадаўцам малойчыкі. Грошы адабралі ды яшчэ і збілі да  паўсмерці. Нічога не заставалася, як зноў вярнуцца на ранейшае месца, каб зарабіць хаця б на кавалак хлеба і білет да дому.

 Цяпер герой нашага аповеду працуе ў адной з будаўнічых арганізацый райцэнтра і ні пра якія заробкі за мяжой не марыць.

 Ды і хто сказаў, што ў нашых будмеліяводгасе і ПМК-64 нельга дастойна зарабляць. Пазнаёміцца з зарплатамі будаўнікоў абедзвюх арганізацый аўтару гэтых радкоў нядаўна давялося асабіста.

 На прыём да старшыні Сенненскага райвыканкама Э.М.Герасіменкі  прыйшла маладая жанчына, маці дзвюх сімпатычных  дзяўчынак-малышак. Са слязамі на вачах яна прасіла дапамагчы  спагнаць грошы, заробленыя яе мужам у аднаго з сенненскіх прадпрымальнікаў. Даведаўшыся, што цяпер муж наведвальніцы працуе ў Расіі, Эдуард Мікалаевіч, ( а ён заўсёды актыўна змагаецца знаць жанчыну  ў тым, што і ў нас можна зарабіць нядрэнныя грошы.

 Па просьбе старшыні райвыканкама начальнікі вышэйназваных сеннен­скіх будаўнічых арганізацый асабіста пазнаёмілі з разліковымі ведамасцямі. Карэспандэнт газеты таксама запісала некаторыя лічбы. 

  Вядома ж, і ў адной і ў другой арганізацыях добра зарабляе  той, хто добра працуе. Прагульшчыкі-п’яніцы і атрымліваюць адпаведна.

 Будаўнікі, як адзначылі  дырэктары  арганізацый, хоць сёння гатовы прыняць у сваю дружную сям’ю папаўненне, прычым, падкрэсліў А.І. Блізнюк (ПМК-64), маладым спецыялістам, калі яны гэтага вартыя, па заяве брыгады плацяць па такіх жа разрадах, як і кваліфікаваным работнікам. Нездарма ў дзяржаўнае прадпрыемства перайшлі ад прыватніка адразу сем чалавек.

 У абедзвюх будаўнічых арганізацыях работнікам прадастаўляюць інтэрнат.

 Тым, хто сабраўся за грашыма ў далёкія краіны, ёсць над чым падумаць: жыць дома з сям’ёй, у чалавечых умовах, з гарантаваным заробкам, ці ў пагоні за  “баснословными” грашыма (якія і бываюць часцей, бадай, толькі ў байках) існаваць, пастаянна  адчуваючы няўпэўненасць і нетрываласць свайго становішча.

Таццяна Буракова.

УП “Сяннобудмеліяводгас”. Заработная плата муляраў за ліпень – 1 млн 936 тыс., 1 млн 114 тыс., 1 млн 466 тыс.

 

РУП “Сенненская ПМК-64”. Заработная плата муляраў (каменщиков) за красавік — 2 млн 400 тыс., 2 млн 500 тыс.; за май – 1 млн 400 тыс., 1 млн 200 тыс., 1 млн 600 тыс.; аддзелачнікаў – 1 млн 360 тыс., 1 млн 600 тыс., 1 млн 300 тыс.; за ліпень – 1 млн 300 тыс.