Сенненцы выйшлі на “Сцяжыну здароўя”

Цяпер ля ўвахода ў парк 40-годдзя Перамогі наведвальнікаў сустракае незвычайны аб’ект. Адмысловы дарожны паказальнік выводзіць на «Сцяжыну здароўя». Пры яго вырабе ініцыятары акцыі — Сенненская раённая арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (РА БТЧК) і міні-праект «Родник» — прытрымліваліся вядомага казачнага прынцыпу:  «Направа пойдзеш…» і гэтак далей. Толькі замест розных непрыемнасцей, гэты верставы слуп абяцае падарожнікам чыстае паветра, лекавыя травы, пазітыўны настрой і, як вынік, — моцнае здароўе.

  Ідэя праекта ўзнікла неяк сама сабой. Актывістак ініцыятыўнай групы (а гэта ў асноўным пенсіянеры) можна ўбачыць на паркавых дарожках у любое надвор’е. Па прызнанні старшыні міні-праекта Ніны Фёдараўны Мяцеліца, для большасці «раднікоўцаў» Сінаі даўно ўжо сталі выдатнай заменай тэлевізару. Маляўнічыя краявіды, гаючы хваёвы водар куды карыснейшыя за пустыя серыялы.  Медыкамі даказана, што прагулкі пехатой на свежым паветры не толькі дабаўляюць ба­дзёрасці чалавечаму арганізму, але і з’яўляюцца выдатнай прафілактыкай многіх захворванняў, у тым ліку інфарктаў. Папулярызаваць такі вось адпачынак «па-сінайску» сярод жыхароў райцэнтра ўзялі сабе за мэту ўдзельнікі «Родника» пры падтрымцы Беларускага Чырвонага Крыжа. Дапамогу ў рэалізацыі праекта аказалі таксама многія сенненцы. Сярод іх індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Лемешаў, які зрабіў спецыяльны паказальнік; урач-рэнтгенолаг Васіль Мяцеліца і галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Ігар Мезаўцоў, якія пасадзейнічалі яго ўстаноўцы і ў транспартных паслугах.

 Прэзентацыя «Сцяжыны здароўя», якая прайшла ў першыя снежаньскія дні, сабрала на Сінаях сенненцаў самых розных узростаў: пенсіянераў, моладзь, школьнікаў. На яе валанцёры запрасілі таксама выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра, наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў, падлеткаў з ваенна-патрыятычнага клуба «Спарта». Да «першапраходцаў» актыўна далучаліся і тыя, хто ў той час знаходзіўся на тэрыторыі парку.

 Пакуль маленькія ўдзельнікі з задавальненнем бавіліся з першым сняжком, зацікаўленыя дарослыя падчас гуляння прыслухоўваліся да парад Паліны Аляксандраўны Гендзік, урача-педыятра з вялікім медыцынскім стажам. «Прагулкі з урачом» — міжнародны праект, які знайшоў сваё ўвасабленне і на Сенненшчыне. Сярод валанцёраў «Родника» нямала колішніх медыцынскіх работнікаў. Іх шматгадовы вопыт і веды могуць быць карыснымі для іншых. Тэмай першай «Прагулкі з урачом» па «Сцяжыне здароўя» быў выбраны здаровы лад жыцця. Для некаторых удзел у праекце, магчыма, стаў першым крокам на шляху да яго. 

 Надалей, як паведаміла старшыня РА БТЧК Святлана Языкова,  мерапрыемствы плануецца праводзіць штомесяц. Арганізатары спа­дзяюцца, што праект стане папулярным у сенненцаў і іх колькасць на «Сцяжыне здароўя» будзе толькі павялічвацца. А значыць, будзе расці колькасць здаровых, энергічных і актыўных людзей.

 Напрыканцы ўдзельнікі акцыі атрымалі ў якасці напамінаў памяткі пра здаровы лад жыцця, дыскі з інфармацыяй пра дзейнасць Чырвонага Крыжа, а самыя маленькія — салодкія прысмакі.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.