Юныя сенненцы спалучылі “Лёд. Кветкі. Фантазіі”

У мэтах фарміравання экалагічнай культуры і развіцця творчых здольнасцей дзяцей у пачатку снежня прайшоў раённы этап рэспубліканскага конкурсу «Лёд. Кветкі.Фантазія».

Прадэманстраваць свае ўменні бачыць прыгожае вакол нас у раённым цэнтры дзяцей і моладзі сабраліся юныя фларысты з дзевяці школ Сенненшчыны.

 Конкурс складаўся з пяці намінацый: выстава хатняга задання на тэмы «Арт-ёлка», «Агонь і лёд снежнай краіны», «Зімовая модніца», «Калаж-рэканструкцыя», «Навагодняя паштоўка». З рознага прыроднага матэрыялу, фантазіруючы, дзеці стварылі сапраўднае мастацтва, адлюстраваўшы атмасферу надыходзячых святаў.

 Па-сапраўднаму ўразіла работа на тэму «Зімовая модніца» вучняў  Беліцкай школы. Дзяўчаты «пашылі» ўборы для лялькі  Барбі. Арыгінальныя касцюмы, сукенкі створаны з прыродных матэрыялаў з выкарыстаннем дэкаратыўных элементаў (лентачак, бісера), у розных фларыстычных тэхніках: пляценне, скручванне.

 Нельга не адзначыць інтэр’ерную кампазіцыю «Арт-ёлка» вучняў Нямойтаўскай школы. Высокая святочная прыгажуня з моху, дэкарыраваная шышкамі, прыцягвае сваёй манументальнасцю, незвычайнасцю і, дзесьці, казачным падтэкстам.

 Парадавалі ўдзельнікі мерапрыемства і сваімі работамі на  тэму «Чараўніцтва снежня». За паўтары гадзі­ны ім трэба было зрабіць фларыстычную навагоднюю паштоўку.

 Прадстаўляць раён у вобласці будуць навучэнцы гуртка «Фларыстыка» (кі­раўнік Людміла Кнацько)Сенненскай школы-інтэрната.

Ала ЯКАЎЛЕВА.