“Фантазіі” Расціслава Сірэнкі

У Сенненскім гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася незвычайная персанальная выстава. Яе аўтару ўсяго 12 гадоў. Але не толькі юны ўзрост творцы вызначае адметнасць яго мастацкіх работ. Расціслаў Сірэнка — чалавек з абмежаванымі магчымасцямі. Дыягназ ДЦП  хлопчыку паставілі з нара­джэння. Аднак немагчымасць паўнацэнна рухацца Бог кампенсаваў талентам мастака.

 Свае карціны Расціслаў малюе практычна лежачы. З-пад пэндзля ў непаслухмяных пальчыках выходзяць яскравыя, з выдатным адчуваннем фарбы і кампазіцыі карціны. У Інтэрнэце Расціслава ўжо паспелі ахрысціць будучым Эдвардам Мункам (знакаміты нарвежскі жывапісец і графік, адзін з пачынальнікаў экспрэсіянізму). Работы хлопчыка сталі вядомыя ў «сусветнай павуціне», дзякуючы кіраўніку раённага Дома рамёстваў Паўлу Якубовічу, які выклаў малюнкі ў адной з сацыяльных сетак. Ён жа выступіў ініцыятарам персанальнай выставы ў музеі. На жаль, на яе прэзентацыі Расціслаў і яго маці па ўважлівых прычынах не змаглі прысут­нічаць, а таму не чулі вялікую колькасць добрых і цёплых слоў, выказаных у адрас юнага мастака. Праўда, свае ўражанні наведвальнікі выставы пакідалі ў кнізе водгукаў. Многія прыносілі нават падарункі для Расціслава. Сярод тых, хто прыйшоў падтрымаць: прадстаўнікі аддзела культуры райвыканкама, супрацоўнікі раённага метадычнага цэнтра, Дома рамёстваў, члены клуба народных майстроў «Натхненне», жыхары горада, у тым ліку і маленькія. 

 Казкі, міфы, паданні, узаемадзеянне чалавека і прыроды, адносіны паміж людзьмі і, нават, космас — усё гэта становіцца сюжэтамі для яго малюнкаў. «Ежу» для сваіх фантазій падлетак чэрпае з кніг, з цікавых гісторый, якія расказвае Расціславу яго матуля — Таццяна Мікалаеўна Сірэнка, між іншым, настаўніца выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сенненскай другой сярэдняй школы. Менавіта яна дапамагае раскрыцца таленту. Дзякуючы іх штодзённым карпатлівым заняткам і трэніроўкам, Расціслаў асвоіў такія віды мастацкай дзейнасці як аплікацыя, вышыўка. Дарэчы, у апошняй хлопчык прыдумаў уласны непаўторны стыль: хаатычныя на першы погляд шыўкі сплятаюцца ў адзіны ўзор, надаючы таму аб’ёмнасць.

 Яго работы бачылі многія конкурсы дзіцячай творчасці — раённыя, абласныя, рэспубліканскія, не раз займалі прызавыя месцы.

 Знешні свет для Расціслава ў большасці сваёй абмежаваны сценамі дома. Хлопчык, вучань сенненскай сярэдняй школы №1, знаходзіцца на надомным навучанні. Але яго мастацтва здольнае пашырыць рамкі існуючага і адкрыць для кожнага дзівосны ўнутраны свет, багаты яркімі фарбамі, дзіцячымі фантазіямі і адначасова жыццесцвярджальным апты­мізмам, якога так часам не хапае нам, дарослым.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.