Сёлета на Сенненшчыне выяўлена 1079 га пустуючай зямлі

— Асноўнай задачай землеўпарадкавальнай службы Сенненскага райвыкан­кама, — расказвае яе начальнік Анатоль Гарбуз, — у сферы зямельных адносін з’яўляецца кантроль за эфектыўным выкарыстаннем зямельных рэсурсаў усімі катэгорыямі землекарыстальнікаў, выяўленне невыкарыстоўваемых і неэфектыўна выкарыстоўваемых зямельных участкаў і ўключэнне іх у абарот. За апошнія сем гадоў у палі севазвароту сельгасарганізацый перададзена 9800 гектараў зямлі, што раней належалі грамадзянам. Толькі сёлета ў межах населеных пунктаў выяўлена пустуючымі 1079 гектараў зямлі.

Узараны ўчасткі ў вёсках Бурбін, Манголія, Чараўкі, Мяшчэнцы, Мянюцева, Асінаўка Беліцкага сельсавета ў колькасці 40 гектараў. Такая ж работа вялася ў Нямойтаўскім, Багданаўскім сельсаветах.

 Недастаткова ўдзяляюць увагі ўключэнню зямлі ў абарот землеўпарадчыкі Машканскага, Багушэўскага, Какоўчынскага сельсаветаў.

 Для актывізацыі работы па ўключэнні ў абарот зямельных участкаў у ліпені зем­леўпарадчай службай былі выраблены матэрыялы па  населеных пунктах з указаннем месцазнаходжання невыкарыстоўваемых участкаў і ўсім сельгасарганізацыям былі накіраваны адпаведныя пісьмы.

 Пытанні землеўпарадкавання сёлета разглядаліся ва ўсіх сельскіх выканаўчых камітэтах. Прыняты адпаведныя рашэнні. Аднак актыўнасці і прыкметнага павышэння аб’ёмаў не назіралася, бо ў    населеных пунктах застаюцца ў асноўным дробнаконтурныя, разрозненыя ўчасткі, якія чаргуюцца з агародамі, якімі карыстаюцца грамадзяне. Таму трэба весці культуртэхнічныя работы з элементамі меліярацыі ў межах населеных пунктаў са зносам пакінутых сяліб, здзічэлых садоў. Тут павінны знайсці сваю нішу жыллёва-камунальная гаспадарка, меліярацыйная, лесагаспадарчыя і дарожныя арганізацыі.

 Яшчэ два гады таму ў раёне выраблена зямельна-інфармацыйная сістэма (карта землекарыстання). Пры яе вырабе поўнасцю абноўлены планава-картаграфічны матэрыял землекарыстання як грамадзянамі, так і сельскагаспадарчымі і іншымі арганізацыямі раёна. Гэта дае магчымасць  эфектыўна і ў поўным аб’ёме, аператыўна забяспечваць выраб матэрыялаў са змяненнямі зямельных участкаў грамадзян для іх наступнай дзяржаўнай рэгістрацыі.

 За 2005-2012 гады аформлена 700 землеўпарадкаваных спраў, у тым ліку 96 селёта. Гэта станоўчая тэндэнцыя: участак, які аформіў грамадзянін і зарэгістраваў, заносіцца ў дзяржаўны рэгістр, мае поўныя характарыстыкі пра месцазнаходжанне, пло­шчу, землеўладальніка, які нясе адказнаць за яго выкарыстанне.

 Сёлета за парушэнні зямельнага заканадаўства прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 45 грамадзян і за несвоечасовае ўключэнне ў абарот зямель — шэсць пасадавых асоб, у тым ліку 4 аграномы: ААТ «Какоўчына», «Студзёнка», ПП «Дружбінец», УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава», адзін дырэктар, адзін намеснік дырэктара, адзін начальнік участка. Сума штрафаў склала 2017500 рублёў.

 Раённая землеўпарадчая служба імкнецца працаваць у больш цесным кантакце з выканаўчымі камітэтамі, адміністрацыямі сельгасарганізацый. Больш мэтанакіравана трэба прыцягваць і грамадскасць, дэпутацкі корпус, старэйшын вёсак.

 Сёння вельмі актуальнай застаецца праблема павелічэння контурнасці палёў за кошт больш актыўнай работы з кустарнікавай расліннасцю. Для гэтых мэт нашай службай падрыхтаваны картаграфічны матэрыял з вызначэннем плошчаў. Аднак кантроль за выкарыстаннем зямлі павінен быць больш жорсткім і не толькі з боку земслужбы, але і экалагічнай, санітарнай, архітэктурнай. А самы першы  кантралёр — землекарыстальнік і чалавек, які апрацоўвае зямлю, бо часам палі хутчэй зарастаюць кустоўем, чым уводзяцца землі ў абарот, нават некалі меліраваныя.

Міхаіл БЯЛОЎ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *