У сям’і Крыўчанка любяць здымацца

З жаночай паловай сям’і Крыўчанка давялося пазнаёміцца на раённым фестывалі «Сузор’е сямейных талентаў». Для  прэзентацыі сваёй сям’і на сцэну выйшла прыгожая маладая жанчына Юлія з дачушкай Анечкай. Муж па нейкіх абставінах не змог прыняць удзел у мерапрыемстве.

  Сваімі ўпэўненасцю, абаяльнасцю, прафесіянальна зробленым па прапанаванай тэме відэафільмам, дзяўчаты змаглі пакарыць сэрцы гледачоў.

 А нядаўна, ужо на абласным свяце-конкурсе «Су­зор’е сямейных талентаў-2012», які праходзіў у гарпасёлку Арэхаўск Аршанскага раёна, у намінацыі аматарскіх відэафільмаў яны сталі лаўрэатамі І ступені.

 «Нам проста падабаецца фатаграфавацца, — гаворыць Юлія.— Фотаздымкі адразу ж манціруем, апрацоў­ваем і толькі потым устаўляем у свой сямейны відэалетапіс».

  Усе самыя галоўныя этапы жыцця Крыўчанкаў захоўваюцца на флэш-носьбітах. Юлія і Андрэй не прафесіяналы ў плане відэаздымання, ніякіх курсаў не заканчвалі. З усяго абсталявання толькі камера, фота­апарат ды камп’ютар. Але тое, што яны робяць, сапраўды заслугоўвае павагі. Нават знаёмыя часам звяртаюцца да іх з просьбай дапамагчы афор­міць прэзентацыі да розных мерапрыемстваў.

 Цікавыя, творчыя Крыўчанкі прымаюць актыўны ўдзел і ў жыцці раёна. Юлію неаднаразова можна было бачыць на сцэне горада ў якасці спявачкі, вядучай. Колькі часу яна нават працавала рэжысёрам у раённым Доме культуры. Сёння — загадчыца склада ў філіяле РПУ «Сяннорайгаз», адначасова вядзе культурна-масавае жыццё калектыву: арганізоўвае розныя мерапрыемствы, кіруе хорам. А вось Андрэй чалавек менш публічны, часцей застаецца за кадрам. Але заўсёды дапамагае жонцы: і музыку падбярэ для яе нумароў, і фанаграму запіша, а калі трэба, нават паклапоціцца і пра сцэнічны касцюм. А яшчэ Андрэй — свайго роду папарацы: заўсёды з камерай, фотаапаратам. «Юлія пастаянна нешта напявае, Анечка — танцуе, як тут не быць напагатове», — жартуе мужчына.

 Шчаслівая сям’я тая, у доме якой гучыць дзіцячы смех, упэўнена гаспадыня. І тут не паспрачаешся. Іх старэйшая дачушка ў наступным годзе пойдзе ў школу. Але ў бацькоў ёсць мара  — пачуць як яна  іграе на піяніна. Таму ўжо сёння сям’я пачала рыхтавацца да перамен: абуладкоўваюць дзіцячы пакой, збіраюць грошы на музычны інструмент. Маленькі Давід таксама заяўляе аб сабе вакальнымі здольнасцямі.

 У наступным годзе ў раённым фестывалі сямейнай творчасці «Сузор’е сямейных талентаў» Крыўчанкі таксама плануюць прыняць удзел. Але на гэты раз, па­дзялілася Юля, паспрабуюць выступіць з музычным нумарам.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *