Закрыць нельга пакінуць. Гісторыя адной вясковай крамы.

«Дапамажыце захаваць наш магазін!» — тэлефонны зварот жыхароў вёскі Багданава Нямойтаўскага сельсавета ў рэдакцыю раённай газеты нагадваў, хутчэй, крык адчаю.

 Навіна аб закрыцці таго ці іншага гандлёвага аб’екта на вёсцы на інфармацыйную «бомбу» сёння не цягне. Прывыклі мы да такіх навін. Штогод у раёне рэарганізуюцца, а дакладней зачыняюцца, у так званых неперспектыўных населеных пунктах не толькі магазіны, а і школы, культурныя і медыцынскія ўстановы. Тэндэнцыя сумная, але з практычнага пункту гледжання правільная. Недахоп кадраў, кошт абслугоўвання аб’ектаў —  усё гэта вядзе за сабой значныя выдаткі, якія наўрад ці акупяцца.

Багданава таксама ў ліку неперспектыўных. Насельніцтва вёскі разам з дзецьмі складае крыху больш за 30 чалавек. З усёй інфра­структуры застаўся толькі магазін. Яго райспажыўтаварыства і прапанавала закрыць, а вёску перавесці на абслугоўванне аўталаўкай. Тым больш, што суседзі даўно карыстаюцца паслугамі аўтакрам. Мясцовыя жыхары намер прынялі ў штыкі. Адказам на яго стаў зварот (за 36 подпісамі) у райвыканкам з просьбай разабрацца ў сітуацыі. Было вырашана правесці грамадскае абмеркаванне, на якое багданаўцы запрасілі і карэспандэнта раённай газеты.

 На сход выпраўляемся разам з начальнікам гандлёвага аддзела райспажыўтаварыства Людмілай Турэйка. «Людзей можна зразумець, — каментуе сітуацыю Людміла Мікалаеўна, — магазін для іх — апошняя апора цывілізацыі, месца, дзе не толькі можна набыць неабходныя тавары, але і сабрацца разам, абмеркаваць навіны. Аднак мы вымушаны прымаць гэтыя меры, у першую чаргу з-за таго, што няма каму працаваць. Напрыклад, сёлета па той жа прычыне быў закрыты неблагі магазін у Вялікім Азярэцку. У Пурплева даводзіцца штодзень прывозіць і адвозіць прадаўца з Сянна. Што казаць, калі ў райцэнтраўскіх магазінах не хапае кадраў!»

 Памаўчаўшы крыху, мая субяседніца дадае: рашэнне аб закрыцці магазіна ў Багданаве ўсё ж паспешнае. І галоўны аргумент, які сведчыць пра гэта, наяўнасць матэрыяльна-адказнай асобы — прадаўца. Па словах Людмілы Турэйка, нараканняў на работу магазіна не паступала, тавараабарот таксама выконваецца. Таму на дадзены момант няма відавочных прычын, каб спыніць дзейнасць кропкі. З такімі добрымі намерамі мы пад’ехалі да магазіна, дзе меўся адбыцца сход.

 Гандлёвы аб’ект прыемна ўразіў. Звонку — чыста, акуратна, пад’езды ўпрыгожваюць малыя архітэктурныя формы. Унутры радуе вока навагодняе ўбранне. Ёсць у наяўнасці і адпаведнае гандлёвае абсталяванне. Нядаўна ўсталявалі новы халадзільнік.

  На сустрэчу з прадстаўніком райспажыўтаварыства сабралася чалавек 20. Большасць — пенсіянеры. Варта дадаць, што частыя пакупнікі ў краме жыхары суседніх Андрэйчыкаў, Чуцек, дзе даўно ўжо ходзіць аўталаўка. Людміла Турэйка супакоіла ўзрушаных людзей: райспажыўтаварыства на закрыцці магазіна ўжо не настойвае. Як, дарэчы, і сельскі Савет, старшыня якога, Анатоль Бараноўскі, таксама прыехаў на сход. Магазін, хутчэй за ўсё, пакінуць. 

 Аднак праблему, на жаль, нельга аднесці ў пералік вырашаных, хіба толькі адкла­дзеных. Жыхарка Багданава Ала Васілеўская за прылаўкам сельскай крамы рупіцца 6 гадоў і наступны год стане апошнім на гэтым працоўным месцы. Жанчына збіраецца пераязджаць у Сянно. Вось тады райспажыўтаварыству сапраўды прыйдзецца прымаць канчатковае рашэнне, і наўрад ці яно будзе папулярным у вяскоўцаў.

 Шэраг прэтэнзій прад’явілі прысутныя таксама старшыні сельскага Савета. Не задавальняе людзей стан дарогі. Гравійка, якая, дарэчы, знаходзіцца на балансе ДРБУ-146, літаральна ўся ў ямінах розных памераў і глыбіні. Незразумелая сітуацыя з утылізацыяй адходаў. Размешчаны непадалёку ад вёскі палігон для іх складавання закрыты. Замест яго вяскоўцам абяцалі кожную першую і трэцюю суботу месяца збіраць смецце, але справа пакуль засталася толькі на словах. Хаця, на думку старшыні сельвыканкама, гэту работу можа выконваць нямойтаўскі ўчастак ЖКГ. 

 Анатоль Бараноўскі са скаргамі згодны часткова. Так, праблемы ёсць, аднак не заўсёды ў кампетэнцыі сельскай улады рашыць іх, як кажуць, па першым патрабаванні. Многае залежыць ад спадарожных службаў: жылкамунгаса, ДРБУ-146. Разам з тым, упэўнены ён, некаторыя  праблемы жыхары ў стане вырашыць самастойна, былі б толькі ініцыятыва і добрая воля. Напрыклад, прывесці ў парадак вясковыя могілкі. За многімі пахаваннямі сёння няма каму даглядаць, яны зарастаюць, разбураюцца. Чаму б жыхарам не арганізаваць суботнік? У гэтым старшыня мае рацыю. Чым чакаць з мора надвор’я, абіваючы парогі са скаргамі, лепш прыкласці свае намаганні да вырашэння праблемы.

 P.S. Ехала ў Багданава з упэўненасцю, што магазін закрыюць, і газета тут мала чым паспрыяе вяскоўцам. З такім аргументам як «нерэнтабельна» цяжка паспрачацца. Вярталася ж з дзіўным пачуццём. Быццам, склалася ўсё добра, крама працуе. Але ж навошта тады было падымаць кіпеж, хваляваць людзей — круцілася ў галаве. Магчыма, не спрацаваў «чалавечы фактар». Не прааналізавалі, не падумалі, не дамовіліся, не растлумачылі… Прычына канфліктаў, у тым ліку ў стасунках грамадства-ўлада, найчасцей хаваецца ў гэтых «не». Дастаткова часам выслухаць адзін аднаго, каб не рабіць паспешных высноў.

 Вольга БАНДАРЭВІЧ.