Другі па велічыні валун у Беларусі – Чортаў камень – рыхтуецца стаць турыстычным аб’ектам

Прыгажосць і добраўпарадкаванасць наваколля залежаць ад людзей. Варта толькі пабываць ля адной са славутасцей  Сенненшчыны — «Чортавага  каменя» (на здымку), што знаходзіцца каля вёскі Вароніна, каб пераканацца ў гэтым.

Местачкоўцы, пэўна, і многія сенненцы, турысты, падарожныя бывалі ля валуна і ўражваліся яго памерамі, не раз чулі паданні звязаныя з ім. Колькі гадоў «Чортаў камень», або «Кравец», знаходзіўся ў нетрах зямлі: напалову схаваны, зарослы хмызняком, абмежаваны з аднаго боку глыбокай  ямінай, напоўненай вадой, — знайсці яго было нялёгка.

Недалёка ад каменя пракладзены нафтаправод, таму па  ініцыятыве Мікалая Колмака, начальніка нафтаперапампоў­ваючай станцыі «Сянно», яе працаўнікі, якія  выконвалі неяк паблізу ад каменя работы, добраўпарадкавалі  тэрыторыю вакол яе.

— Канешне, камень знаходзіўся ў непрывабным стане, — расказвае Мікалай Анатольевіч. — Мы крыху яго акультурылі, прыбралі хмызняк, ачысцілі ад зямлі,  адным словам, паказалі «таварны выгляд»  «Чортавага каменя».

Замацавалі «дружбінцы» і прыгожую металічную шыльду  ля валуна, а каля дарогі ўстанавілі ўказальнік у выглядзе стрэлачкі, якая накіроўвае да помніка прыроды.

Калісьці вучні былой раснянскай школы высадзілі ўздоўж сцежкі да каменя каштанавую алею. Некаторыя дрэвы не прыжыліся. Аднак большасць саджанцаў з кожным годам набірае сілу. У планах «дружбінцаў» увесну падсадзіць маленькія сосны — абнавіць алею. Пасадачны матэрыял паабяцаў даць галоўны ляснічы Сенненскага лясніцтва Мікалай Саржыцкі. Мабыць, з’явяцца і прыгожыя альтанкі ля Чортавага каменя, што дапаможа незвычайнаму помніку прыроды стаць  адным з нямногіх турыстычных аб’ектаў Сенненшчыны, да якога б пазнавальныя маршруты вялі школьнікаў, студэнтаў. Галоўнае не губляць імпэт у пачатых добрых справах.

Ірына ГАРБАЧОВА.

Даведка.

Валун «Чортаў камень» належыць да ліку самых буйных валуноў Беларусі (другі па велічыні пасля «Вялікага каменя» ў Шуміленскім раёне).

Па форме нагадвае паралелепіпед, нахілены на поўдзень. Памер валуна: даўжыня 10,2 м, шырыня 6 м, вышыня каля 4 м (над паверхняй зямлі 2,05 м). Аб’ём — каля 130 куб м., вага — 340 тон.

Прынесены ледніком з паўднёва-заходняй Фінляндыі 17-20 тысяч гадоў назад у перыяд паазерскага абледзянення.