Снягурка – чык-чырык!

Хтосьці трымае дома папугая, канарэйку, а вось у кватэры жыхаркі Сянна прапісаўся снягір, а дакладней снегірыха! Гэта толькі ў самцоў грудка — чырвоная, у самачак яна шэрага колеру.

Да аматараў экзотыкі Насця сябе не далучае. Доўгі час яе жыўнасць складалася з адной коткі. Усё змянілася сёлетняй вясной. У канцы сакавіка Насця з маці ішла па вуліцы Кастрычніцкай райцэнтра ў раёне райгаза. Нечакана яны звярнулі ўвагу на  маленькі шэры камячок, які ляжаў на зямлі. На здзіўленне жанчын ён аказаўся жывым! Птушка нават не спрабавала уцякаць ад чалавечых рук, толькі схавала сваю чорную галоўку пад крыло. Пашкоджанае крылца стала прычынай «нездаровых» паводзін дзікай птушкі. Паляцець тая не магла, а таму, магчыма, і вырашыла даверыцца лю­дзям.

Больш чым месяц гаротніца нават не выходзіла з клеткі. Цяпер яе любімае месца — карніз. За 9 месяцаў, што Снягурка (так ласкава завуць снегірыху яе выратавальніцы) жыве ў «няволі», яна прызвычаілася да сваіх гаспадынь. Бы той папугай. І такая ж цікаўная. Любіць назіраць за справамі гаспадароў хаты. Асабліва ўважліва сочыць за тым, як Насця вышывае. Сама залятае і вылятае з клеткі. У рукі хоць і не вельмі даецца, але ўжо калі злавілі — не вырываецца. А раніцай нават будзіць гаспадароў сваім птушыным спевам. Тут жа ў пакоі размешчана яе «палянка»: на падносе ляжаць галінкі, розныя травінкі, зярняты, ягады. Карацей кажучы, усё, што даспадобы, чым любіць ласавацца Снягурка. Са з’яўленнем у доме незвычайнага выхаванца, Насця  праз Інтэрнэт пацікавілася асаблівасцямі «снегіроўскага» рацыёну. Нічога незвычайнага — усё толькі натуральнае. На хатнім «стале» ў Снягуркі ягады ароніі (у народзе — чорная рабіна), насенне льну, дзьмухаўцу, крупы, зярняты.

Набліжаецца зіма — самы сезон для гэтых прыгожых птушак. Выпускаць Снягурку ў свет ці не? Гэта Насця з маці яшчэ не вырашылі. Адзін час спрабавалі неяк на балкон выносіць, каб хоць свежым паветрам падыхала, але птушка толькі дрыжэла і дзюбу з клеткі не паказвала. Вырашылі, хай жыве і далей.  Па праўдзе кажучы, снягір — птушка, канешне, вольная, ды толькі і жанчыны цяпер адчуваюць сябе ў адказнасці за таго, каго прыручылі.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *