Экалагічны рэйд па Багушэўскай зоне

Супрацоўнікі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выехалі ў чарговы «экалагічны» рэйд у Багушэўск і яго наваколле.

Першым пунктам прыпынку стаў будучы «Дом паляўнічага і рыбалова», што ўзводзіцца Багушэўскім лясгасам ля возера Кічына. У хуткім часе некалькі збудаванняў будуць гатовы прыняць сваіх першых адпачываючых. Будаўнік Сяргей Казімірскі, якога мы тут сустрэлі, расказаў пра асаблівасці будоўлі: прамочаны спецыяльнай вадкасцю драўняны будматэрыял, незвычайнае дахавае пакрыццё, паказаў «начынне» сядзіб. У цэлым, правяраючым спадабаліся новая зона адпачынку, месца яе знахо­джання.

Далей «чакала» вёска Луг. Яе жыхарка, грамадзянка Мароз, скар­дзілася на свайго суседа, які, гадуючы «неверагодную колькасць сві­ней, не дае, асабліва ўлетку, спакойна жыць». Прычынай з’яўляецца спецыфічны пах, хмары мух, што лётаюць над гноем ля хлява. Экалагічных парушэнняў у наваколлі гаспадаркі «суседа» супрацоўнікі райінспекцыі не знайшлі. Асабіста з ім пагаварыць таксама не давялося, бо на час нашага прыезду дома гаспадара не аказалася. Аднак супрацоўнікі інспекцыі паабяцалі папярэдзіць «аматара свініны» аб неабходнасці своечасова пры­біраць вакол гаспадарчых пабудоў.

Палігон цвёрдых бытавых адходаў за вёскай Засценкі прывёў у жах не толькі «зялёных», але і карэспандэнта, які сваімі ботамі адчуў «асалоду» ад гразі і смецця на звалцы.

— Палігон трэба закрываць, закансерваваць, — кажа Аляксандр Якубовіч, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. — Для рэкультывавання, як на былым палігоне цвёрдых бытавых адходаў (ТБА) у Дубняках, цяпер гэта кар’ер, трэба нямала лесапасадачнага матэрыялу, магутная тэхніка.

Замест гэтага палігона будуецца новы, за вёскай Калянькі, які і стаў чарговым пунктам наведвання. Палігон агароджаны металічнай сеткай, згодна пажарнай бяспецы, на яго тэрыторыі выкапаны два водных аб’екты. Плануецца падключыць электрычнасць, пабудаваць памяшканне для для вартаўнікоў, паніжаючы трансфарматар току, усталяваць вагі.

Завітаўшы да Любові Трубека, старшыні Багушэўскага пасялковага выканаўчага камітэта, мы даведаліся, што на заканчэнне будаўніцтва палі­гона ў вёсцы Калянькі было выдаткавана нямала фінансавых сродкаў (500 млн рублёў), якія павінны быць асвоены да 01.12.2012 года. Аднак УП «Сенненская ПМС» дагэтуль не заключыла дагавор з «Сянно-Ротар» на правядзенне работ па падключэнні электразабеспячэння. Смецце, безумоўна, на палігон вывозіцца, і не толькі дзяржаўнымі службамі, а і мясцовымі жыхарамі. Яно раскідана як на тэрыторыі палігона, так і за яго агароджай. Дарэчы, КУП «Сенненскае УКС» прадаставіла дакументы, што сведчаць: УП «Сенненская ПМС» неаднаразова фінансавалася за кошт абласнога бюджэту. Па сённяшні дзень прадпрыемства грашовыя сродкі не адпрацавала.

Па просьбе Любові Емельянаўны, супрацоўнікі райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праверылі і стан аварыйных дрэў у Багушэўску.

Апошняй кропкай рэйду стаў ускраек гарадскога пасёлка, дзе жыве грамадзянка Музычкіна. Бабуля ў паніцы: прыватныя соткі нехта падтапляе. Паблізу ад яе дома хмызняк і балота. Абышоўшы тэрыторыю, «зялёныя» зрабілі выснову — гэта бабры! Пра што сведчыла недалёка пабудаваная хатка, сабраныя ў кучы галіны дрэў, бабрыныя тунэлі, якія і прывялі да павышэння ўзроўню вады ля сотак спадарыні Музычкінай. У хуткім часе будзе адлоўлена пара жывёл, якая замінае жыццю бабулі.

Ірына ГАРБАЧОВА.