Лепшы падарунак — кніга… электронная. Сучасны гаджэт выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Сенненскага ТЦСАН атрымалі за перамогу ў абласным фестывалі мастацкай самадзейнасці сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі «У коле сяброў».

Мерапрыемства праводзілася ў другі раз па ініцыятыве камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта сумесна з упраўленнем культуры аблвыканкама, Віцебскім дзяржуніверсітэтам імя П.Машэрава, абласным аддзяленнем «Беларускі фонд міру» і прымеркавана да Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь.

Зала абласной філармоніі змясціла ўдзельнікаў з 25 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віцебшчыны. Канкурсанты спаборнічалі ў чатырох намінацыях: «Паэтычная творчасць», «Вакальнае выкананне», «Тэатральнае мастацтва», «Групавое выкананне». Разам на адной сцэне выступалі супрацоўнікі і наведвальнікі сацыяльных устаноў.

Абараняць Сенненшчыну на фестывалі выпаў гонар ад­дзяленню дзённага знаходжання інвалідаў. Яскравае і палымянае выкананне песні «Гэта Беларусь» дуэтам у складзе Ільі Сенатарава і Кацярыны Барсуковай гледачы прымалі на «ўра». Імпэту выступленню надавала актыўная падтрымка з боку іх сяброў і калег: Дар’і Мезаўцовай, Наталлі Мя­дзвецкай, Уладзіміра Лазарчыка, Аляксея Атрошкіна, Максіма Мялешкі, Вольгі Мікалаевай, а таксама непасрэдна дырэктара ўстановы Алены Атрошкінай. У выніку — 2-ое месца ў намінацыі «Групавое выкананне». Улічваючы тое, што першае месца журы нікому не прысудзіла, сенненцы сталі паўнапраўнымі пераможцамі і ўладальнікамі галоўнага прыза — электроннай кнігі.

Ужо дома сенненскія інваліды атрымалі другі падарунак — музычны. Дзіцячая школа мастацтваў падрыхтавала святочны канцэрт. Для выхаванцаў аддзялення гралі, спявалі і танцавалі: выкладчыкі — Іван Смірноў (баян), Кацярына Глазунова (скрыпка), Вера Гарнак і Ірына Булаткіна (цымбалы), Ірына Корсакава (клавішныя); навучэнцы — Маша Кузьмініч, Маша Шубка (вакал), юныя танцоры з класа харэаграфіі. Вядучай вечарыны была Ніна Шагідзевіч.

З віншаваннямі, у тым ліку і з перамогай, у аддзяленне завіталі намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна, начальнікі ўпраўнення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  Аляксандр Паўлоўскі і аддзела культуры райвыканкама Ларыса Новікава, дырэктар Сенненскага ТЦСАН Тамара Смірнова. У аддзяленні яны не проста прадстаўнікі ўлады, вышэйстаячых устаноў, а перш за ўсё добрыя сябры тых, хто, дзякуючы іх падтрымцы, наперакор усім абмежаванням маюць магчымасць жыць цікава і разнастайна, спаўна раскрываць свае таленты. Пра тое, што сюды прыходзяць людзі сапраўды творчыя, сведчыла выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Кожны дзень у пазітыве. Менавіта такога прынцыпу прытрымліваюцца ў аддзяленні і самі імкнуцца ствараць толькі станоўчыя эмоцыі. Так, як гэта робіць кіраўнік гурткоў Вольга Мікалаева, якая ў вобразе энергічнага Карлсана весялі­ла гаспадароў і гасцей на працягу ўсяго мерапрыемства. Напамінам аб свяце для ўсіх сталі сонечныя рамонкі — сімвал аддзялення, зробленыя рукамі лю­дзей з абмежаванымі магчымасцямі, але з таленавітай душой.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.