Канцы ў воду не схаваеш

 З чаго складваецца ўраджайнасць? Складнікаў яе шмат, але галоўны, як адзначалася на нарадзе спецыялістаў агранамічнай службы раёна, чалавечы  фактар. Напрыклад, у сельгасарганізацыях сёлета засталося нявыкарыстаных ядаў і сродкаў аховы раслін каля 10 тон. Значыць, штосьці не пратруцілі, не апрацавалі, не поўнасцю ўнеслі, або заніжалі нормы расходу. Пералікі «не» можна працягваць і далей. У канчатковым выніку нямалыя грошы, затрачаныя на набыццё хімічных прэпаратаў, не спрацавалі, што абярнецца недаатрыманым ўраджаем.

Асабліва вялікія «лішкі» атрымаліся ў ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» (1700 кілаграмаў), ААТ «Белая Ліпа» (900 кілаграмаў). Сістэматычна завышалі аператыўную справаздачу па рабоце з пестыцыдамігалоўныя аграномы  ААТ «Белая Ліпа», КУСГП імя Гараўца, некаторыя  іншыя. Аднак канцы ў ваду схаваць не атрымалася. Прыпіскі выявіла гадавая справаздача. Горш таго, ААТ «Сінягорскае» дало справаздачу па некаторых відах сродкаў аховы раслін, што яны выкарыс­таны, але тут і ў некаторых іншых сельгасарганізацыях праверкі ўстанавілі наяўнасць гэтых хімпрэпаратаў на складах, роўна як і мінеральных тукаў. Не хочацца кагосьці палохаць, аднак падобныя факты «пахнуць» крыміналам, бо праваахоўныя і кантралюючыя органы за гэтай «эканоміяй» могуць угледзець спробу ці намер збыту ядахімікатаў з карыслівай мэтай.

 Дзе-нідзе засталося пратручанае,  не высеянае насенне збожжавых культур. Бяды ў гэтым вялікай няма, калі б не адна абставіна: пратручаны і невыпрацаваны пасяўны матэрыял захоўваецца насыпам у складах, хаця меры перасцярогі патрабуюць, каб ён быў затараны ў мяшкі і захоўваўся на паддонах.

 Машыны для пратручвання насення таксама не пастаўлены на захаванне: ААТ «Ульянавічы», «Літусава», «Пурплева», «Кругляны», райаграсэрвісе, УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава».

 Аб гэтых і многіх іншых фактах безгаспадарчасці гаварыла на нарадзе намеснік начальніка дзяржаўнай ін­спекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Тамара Аляксеева.

 Начальнік гэтай установы Алег Кісель прааналізаваў абстаноўку ў раёне з засыпкай і падпрацоўкай насення яравых культур пад ураджай 2013 года. З планам засыпкі справіліся на сто працэнтаў усе адкрытыя акцыянерныя таварыствы і камунальныя ўнітарныя сельгасарганізацыі. Аднак не ўсе партыі насення пакуль дастаўлены на праверку. З 2197 тон праверанага насення толькі 1257 тон, або 33 % ад засыпанага аказалася кандыцыйнага. Напрыклад, у ААТ «Пурплева» з 220 тон засыпанага і праверанага насення  кандыцыйнага  аж… 5 тон (2 %). У цэлым па раёне да некандыцыі аднесена: па чысціні  — 536 тон (ААТ «Пурплева» — 215, ААТ «Кругляны» — 25, ДП «Саўгас імя Машэрава» — 296 тон), па ўсходжасці — 940 тон (9 гаспадарак з 15).

 А вось ПП «Дружбінец» (начальнік цэха раслінаводства Леанід Кавалеўскі) на 90 тон перавысіў план засыпкі насення і ўсе 415 тон — кандыцыйнае.

 Некандыцыйнаму насенню па ўсходжасці жыццяздольнасць  не вернеш. Яго неабходна мяняць. Раённыя магчымасці вычарпаны, таму насенне трэба шукаць на прасторах Беларусі (амаль тысячу тон).

 У пошуках насення аграномы сельгасарганізацый у апошні час актывізавалі сваю дзейнасць: наладзілі кантакты са сваімі калегамі ў іншых раёнах. Хтосьці заключыў дагавор, хтосьці прывёз узоры на праверку ў раённую інспекцыю. Аднак гэтага недастаткова. Трэба мець і тое, і другое, а самае лепшае, калі набыты пасяўны матэрыял захоўваецца ўжо ва ўласным складскім памяшканні. Марудзіць нельга, бо попыт  на насенне можа ўзрасці.

 Начальнік аддзела вырошч­вання і збыту райсельгасхарчу Антаніна Сунцеева засяродзіла ўвагу прысутных на валавай вытворчасці прадукцыі раслінаводства. Сёння яна нямногім вышэй за 91 %  да  ўзроўню мінулага года і толькі таму, што аграномы на месцах не абцяжарваюць сябе ўлікам  таго, што вырашчана і спажыта жывёлагадоўляй. Дзе-нідзе ў момант закладкі сіласу, кукурузай кармілі жывёлу ў стойлах,  падвозілі здробненую масу на пашу, а апрыходавана толькі тое, што аказалася ў траншэях ці буртах. Урэшце рэшт, трэба мець уласную годнасць і гонар за тую справу, што робіш.

Міхаіл БЯЛОЎ.