З “прызыву” Бельскага… З яго рэдактарскага “благаславення” пабачылі свет творы многіх беларускіх літаратараў і журналістаў
Аб кожным этапе жыццёвага шляху заслужанага работніка культуры Беларусі, кавалера ордэнаў Чырвонай Зоркі і Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, шматлікіх іншых узнагарод Пятра Васільевіча Бельскага можна гаварыць шмат . Мне асабліва добра помніцца той час, калі Пётр Васільевіч працаваў рэдактарам нашай газеты «Ленінская іскра» — так яна тады называлася. І адзін аспект яго дзейнасці — адносіны да моладзі: беражлівыя, клапатлівыя, шчырыя, што ішлі ад сэрца, а не ад пасады. Ён заўсёды імкнуўся дапамагчы журналісту-пачаткоўцу, калі трэба, падказаць, павучыць, але далікатна, без націску і маралізатарства. І за сценамі рэдакцыі ніколі не праходзіў міма чалавека, як ён сам гаварыў, «з жывой іскрай ад прыроды».
Сёння, з вышыні пражытых гадоў, я магу зрабіць нейкія вывады і супастаўленні і скажу, што » эра» Бельскага ў газеце была «залатой». У сэнсе кадраў, якія, як вядома, вырашаюць усё. А для любой газеты гэты лозунг асабліва актуальны.
У той час у рэдакцыю, пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І.Леніна, прыйшла працаваць Ала Панкратава, у далейшым таленавітая журналістка і паэтэса, я б назвала яе Яўгеніяй Янішчыц віцебскага краю. Заўсёды прыцягвалі і прыцягваюць увагу чытачоў матэрыялы за подпісам таксама выпускніцы БДУ імя У.І.Леніна Люды Зябко (цяпер Працэнка). Журналістаў такога ўзроўню, як Зябко і Панкратава, па ўсёй вобласці можна было пералічыць на пальцах адной рукі.
Віктар Пагарэльскі … Хто ведае, складзіся па-іншаму яго жыццёвы шлях, ужо пасля Бельскага, мелі б мы сёння «свайго» пісьменніка ў беларускай літаратуры.
Крыху раней, зноў жа па запрашэнні Бельскага, у рэдакцыю прыйшоў працаваць Мікола Воранаў, таксама таленавіты журналіст, аўтар некалькіх кніг.
І яшчэ адно імя — бадай, апошняе з «прызыву» Бельскага — Іван Лазука: журналіст, паэт, аўтар шматлікіх вершаў аб родным краі, шэрагу матэрыялаў у кнізе «Памяць. Сенненскі раён», рэдактар сенненскай, а потым докшыцкай раённых газет.
Бельскі заўсёды ганарыўся тым, што першыя свае радкі вядомыя журналісты і літаратары Генадзь Бураўкін (у будучым — старшыня Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, вядучы паэт Беларусі) і Мікола Матукоўскі (вядомы беларускі драматург) надрукавалі менавіта ў раённай газеце, у той час, калі Пётр Васільевіч працаваў рэдактарам у Расонах.
Ён быў тым магнітам, які прыцягваў да сябе «залатыя пёры». Узнікае заканамернае пытанне: якім жа ў такім выпадку трэба быць самому, каб зацікавіць гэтае самае «залатое пяро»? Адказ у данай сітуацыі вынікае адзін: такім, якім быў Бельскі. Вось што пісаў аб сваім прыходзе ў сенненскую рэдакцыю Уладзімір Скапа — выдатны журналіст, нарысіст, аўтар і сааўтар кніг па гісторыі Віцебшчыны, у будучым рэдактар абласной газеты «Віцебскі рабочы»:
«Не магу не ўспомніць майскі падвячорак 59-га года, калі ў студэнцкім інтэрнаце мяне адшукаў высокі стройны мужчына, яшчэ маладжавы, але ўжо з сівізною на валасах.
— Ідзём да фінішу? — спытаў ён густым баском. — І дзе думаеш працаваць?
— Накіраванне ў нашу вобласць.
— Вось і добра. Прыязджай у Сянно, на радзіму. Ёсць вакансія адказнага сакратара. З сектарам друку ўсё дамоўлена.
Прапанова Бельскага трохі збянтэжыла: чалавек бачыў мяне ўпершыню, смела прапанаваў зялёнаму выпускніку пасаду адказнага сакратара і ўжо дамовіўся аб гэтым у абкоме партыі.
Пазней усё стала зразумела. Пётр Васільевіч заўсёды рабіў стаўку на маладых, давяраў ім і, самае галоўнае, цярпліва і настойліва вучыў іх. Гэтага правіла ён прытрымліваецца і цяпер. Можна прывесці дзясяткі прыкладаў, калі маладому чалавеку Бельскі ўдзяляў столькі ўвагі, колькі той нават не заслугоўваў». («Віцебскі рабочы», №183 за 22 верасня 1979 г.)
Заслугоўваў ці не заслугоўваў — пытанне спрэчнае. Думаю, па-іншаму проста не магло быць. Як ніхто іншы, Бельскі разумеў, што талент, як той алмаз, патрабуе адпаведнага абыходжання. Калі трапіць у рукі добрага ювеліра, зайграе новымі фарбамі, адкрые нябачныя раней грані. Таму і ўдзяляў маладым людзям столькі ўвагі, па максімуму, дапамагаючы зразумець чалавеку, хто ён ёсць у гэтым свеце.
Пётр Васільевіч пражыў багатае, цікавае, поўнае драматызму жыццё: вучыўся, ваяваў, працаваў. Вайна — асобная старонка яго біяграфіі, зварот да якой кожны раз быў нясцерпна балючым .
… Вясной 1942 года з падпольных груп, што дзейнічалі на Расоншчыне, пачалі ўтварацца партызанскія атрады. З ліку партызан, якія мелі ваенную падрыхтоўку, райкам партыі падбіраў людзей на камандныя пасады. Начальнікам штаба аднаго з батальёнаў, у які ўваходзілі тры атрады, быў прызначаны Бельскі, які з кастрычніка 1937 па чэрвень 1941 года быў курсантам Сухумскага пяхотнага вучылішча. «Таленавіты камандзір, адважны партызан», — такая характарыстыка, дадзеная Пятру Васільевічу пасля злучэння брыгады з часцямі Чырвонай Арміі, скупа, але ёміста дае ўяўленне аб тым, як ваяваў з гітлераўскімі акупантамі Бельскі.
Вогненным смерчам пранеслася вайна па Беларусі. На радзіме Бельскага, у Расонскім раёне, фашысты спалілі амаль усе вёскі, загінулі тысячы людзей. У час карнай экспедыцыі немцы расстралялі бацьку, маці, брата і сястру Бельскага. За тое, што іх сын і брат быў партызанскім камандзірам.
Усе пасляваенныя гады былі накіраваны на стварэнне. Як чалавек, пабачыўшы і перажыўшы шмат гора, ён асабліва любіў жыццё, любіў людзей, цаніў кожнае пражытае імгненне і імкнуўся да таго, каб кожны наступны дзень быў лепшы за папярэдні.
… Пэўна, не ўсе з маладых журналістаў, працуючых сёння ў газеце, ведаюць, што будынак рэдакцыі раённай газеты пабудаваны па ініцыятыве і пры самым непасрэдным удзеле Пятра Васільевіча. Калісьці рэдакцыя месцілася ў прыстасаваным памяшканні былой турмы, будынак якой знаходзіўся на месцы цяперашняга райвыканкама. Кабінеты былі цесныя, сырыя. І колькі не паліла ў грубках рэдакцыйная прыбіральшчыца Марыя Пятроўна Альхіменка, усё цяпло ўходзіла ў паўтарамятровыя турэмныя сцены. На адной з планёрак Пётр Васільевіч сказаў: «Будзем будавацца!», узваліўшы тым самым на сябе дадатковы, будаўнічы, груз. Ён сам выбраў месца для рэдакцыі — каб было ціха і спакойна, каб працавалася творча. Фінансавае пытанне і тады стаяла востра, так што давялося Бельскаму шмат пахадзіць па «высокіх» і не вельмі кабінетах, па арганізацыях, самому разам з калектывам папрацаваць на суботніках. Стараліся ўсе — для сябе рабілі! І ў 1972 годзе справілі наваселле…
Вось ужо 15 гадоў няма з намі Пятра Васільевіча. Але ён жыве — на старонках газеты, у памяці вучняў, калег і ўсіх, хто яго ведаў. У будынку рэдакцыі, дзе, як і пры Бельскім, журналісты пішуць гісторыю раёна, гісторыю нашага жыцця.
Вольга Сапяжынская.