Добры настрой ад старэйшын

«Прыязджайце да нас на пася­дзелкі», — патэлефанавала аднойчы ў рэдакцыю Галіна Рабцава. Як высветлілася, жыхарка Багушэўска часта наведвае клуб, што ў в.Рыбнае.

Што ў Рыбным  праходзяць цікавыя культурна-масавыя мерапрыемствы, неаднаразова даводзілася чуць. Таму, падчас чарговай камандзіроўкі, мы проста не маглі не завітаць у Рыбненскі сельскі клуб.

Па словах Галіны Рабцавай, вялікая заслуга ў арганізацыі адпачынку тутэйшых людзей належыць На­дзеі Лядновіч, загадчыцы клуба. Пра такіх як яна  кажуць: «Гарыць на працы». Душой і сэрцам прыкіпела да любімай справы жанчына: праводзіць тэматычныя «агеньчыкі», вечарыны, сустрэчы. Пры клубе створана фальклорная група, куды ўвайшлі жанчыны рознага ўзросту, якіх аб’ядноўвае любоў да народнай песні. Самадзейныя артысты даюць канцэрты ў маленькіх, аддаленых вёсачках. Яны ўзнімаюць настрой і зара­джаюць працоўнай энергіяй механізатараў падчас вясенне-палявых работ, іншых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу. Надзея Пятроўна памятае і пра тых людзей, якім па стане здароўя складана прыходзіць у сельскі клуб. Да іх артысты наведваюцца прама дадому.

Вялікую дапамогу ў працы Надзеі Лядновіч аказваюць Ганна Янукова, старэйшына вёскі Заветнае, якая з’яўляецца актыўнай удзельніцай фальклорнай групы, а таксама Аляксандр Шумараў. Мужчына не толькі акампаніятар, але на сваім асабістым транспарце, пры неабходнасці, адвязе жанчын у якую-небудзь вёску на чарговы канцэрт. «Нам няма часу думаць пра старасць: рэпетыцыі, канцэрты, сустрэчы з вяскоўцамі… А чым яшчэ заняцца на пенсіі?» — адзначыла пры сустрэчы Ганна Янукова.

Дарэчы, летам прайшло свята вёскі Заветнае, арганізаванае Надзеяй Пятроўнай. Па словах тых, каму давялося патрапіць на мерапрыемства, сцэнарый быў скла­дзены так, што добрым словам не абмінулі ніводнага жыхара вёскі. Шмат песень, вершаў, гумарэсак прагучалі ў гэты дзень. Не абышлося і без гасцей, сярод якіх былі Максім Рабцаў, былы старшыня Багушэўскага сельскага Савета, Юрый Казлоў, участковы ўрач-тэрапеўт. На канцэрт завіталі і жыхары суседніх вёсак.

Надзея Пятроўна карыстаецца павагай і любоўю ў вяскоўцаў, аўтарытэтам. Нездарма давяраюць ёй людзі, бо апроч культурна-масавай работы жанчына сочыць і за грамадскім жыццём вёскі: з’яўляецца старэйшынай Рыбнага.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Ганна ЯНУКОВА і Надзея ЛЯДНОВІЧ.