На апошнім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта разглядаўся шэраг пытанняў, якія тычыліся работы міліцыі і сельскай гаспадаркі, абмяркоўваліся вынікі маніторынгу ідэалагічнай работы, што праводзіцца ў арганізацыях, на прадпрыемствах Сенненскага раёна

 Увага да дзейнасці міліцыі не спадае на працягу года. Кіраўніцтва раённага аддзела ўнутраных спраў трымала справаздачу на майскай сесіі раённага Савета дэпутатаў у сувязі з ростам злачыннасці ў 2011 годзе. У чэрвені раённы выканаўчы камітэт вымушаны быў звярнуцца да работы міліцыі пасля вядомых падзей у Беліцкім сельсавеце. На апошнім пася­джэнні выканкама намеснік начальніка РАУС Яўген Драненка дакладваў, што зроблена ў раёне па рэалізацыі дзяржаўнай праграмы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй.

 Перш чым заслухаць яго справаздачу, Віктар Цапота, старшыня райвыканкама заўважыў: «Некаторае зніжэнне злачыннасці не павінна заспакойваць. Больш стала злачынстваў з удзелам падлеткаў, здзейсненых раней асуджанымі. Гэта трывожныя факты, як і рост карупцыйных злачынстваў».

 І з ім нельга не пагадзіцца. Паўтарэнне, як заклінанне, слоў «сітуацыя ў раёне пад кантролем» ужо не пераконвае. Міліцыі яўна не хапае прафілактычнай работы, работы на апярэджанне, новых, нестандартных падыходаў і не толькі ў тых сферах, дзе наглядаецца рост злачыннасці. На думку членаў выканкама, у прыватнасці, пракурора раёна Уладзіміра Рудзянкова, прафілактыкай злачыннасці павінны займацца і грамадскія фарміраванні, якія створаны пры органах улады, у арганізацыях. Разам, больш канкрэтна і мэтанакіравана трэба працаваць з людзьмі, што вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, у тым ліку пасля амністыі, абавязанымі асобамі.

 Што датычыцца дзейнасці органаў улады, накіраванай супраць карупцыі, то кіраўнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама пры падрыхтоўцы дакументаў прэтэндэнтаў на пасаду абавязаны больш аб’ектыўна правяраць і ацэньваць маральныя якасці кандыдатаў. Райсельгасхарчу даручана навесці парадак у бухгалтарскім уліку сельгасарганізацый, зрабіць больш  жорсткім кантроль за законнасцю прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў. РАУС у пачатку наступнага года пра­інфармуе райвыканкам, як рэалізаваны мерапрыемствы Дзяржаўнай праграмы па барацьбе з карупцыяй, што была разлічана на 2010-2012 гады.

 Больш мэтанакіравана прасіў і патрабаваў папрацаваць праваахоўныя органы Віктар Цапота ў час абмеркавання праблемы захаванасці буйной рагатай жывёлы. За 10 месяцаў сёлетняга года па розных прычынах са статка грамадскіх сельгасарганізацый выбыла 3225 галоў буйной рагатай жывёлы. У ААТ «Літусава», напрыклад, выбыццё склала 61 % ад атрыманага прыплоду, у ААТ «Сенненскі райагарсэрвіс» — 36%.

 Не выключана, што за гэтымі лічбамі хаваюцца злачынствы. А таму кантралюючым органам даручана праверыць кожны факт выбыцця жывёлы, акты рэвізій перадаць у міліцыю, пракуратуру. У час пасяджэння членам раённага выканаўчага камітэта, прысутным былі паказаны слайды, дзе зафіксаваны факты, якія можна расцэньваць як праявы катавання жывёлы. На фермах не падтрымліваецца належны мікраклімат, не арганізавана кармленне ў адпаведнасці з фізіялогіяй жывёлы. А гэта ўжо службовая халатнасць, у выніку якой маладняк гіне па прычыне захворванняў органаў стрававання, дыхальных шляхоў. Адказнасць за падобны стан спраў нясуць не толькі кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак, але і ўся ветслужба раёна.

 Галоўны тэзіс рашэння раённага выканаўчага камітэта, якое тычыцца пастаноўкі тэхнікі на працяглае захаванне і арганізацыі яе рамонту — машыны, прычапны інвентар павінны быць пастаўлены на захаванне ў адпаведнасці з дзяржаўнымі стандартамі, ва ўстаноўлены тэрмін; для людзей, занятых рамонтам, створаны камфортныя ўмовы працы. У раёне распрацавана праграма падрыхтоўкі тэхнікі да вясенне-летняга перыяду эксплуатацыі, і яна павінна выконвацца. У гэтым залог паспяховага правядзення масавых сельскагаспадарчых кампаній, усяго вытворчага працэсу.

 Летась работа аддзела ідэалагічнай работы Сенненскага райвыканкама станоўча ацэнена аблвыканкамам. Тым больш нечаканымі сталі некаторыя факты пры правядзенні маніторынгу ідэалагічнай работы ў арганізацыях. У прыватнасці, намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце па ініцыятыве кіраўнікоў у некаторых арганізацыях займаюцца неўласцівай ім работай. Даволі часта, мабыць і па названай вышэй прычыне, спецыялісты па рабоце з людзьмі мяняюцца, ці іх увогуле няма.

  — Кіраўнік адказны за ўсе сферы дзейнасці. Няма ў аргані­зацыі намесніка па ідэалагічнай рабоце, работу з людзьмі павінен арганізоўваць дырэктар, — выказаўся падсумоўваючы  вынікі абмеркавання праблемы Віктар Цапота.