Сярод пераможцаў знаёмыя твары і новыя асобы
На пярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу ў раённым Доме культуры прайшоў урачысты сход. На яго былі запрошаны кіраўнікі і спецыялісты сельгасарганізацый, перапрацоўчых прадпрыемстваў, ветэраны сельгасвытворчасці, перадавікі, якія сёлета ўнеслі найбольшы ўклад у развіццё галіны, а таксама прадстаўнікі раённых устаноў, што актыўна дапамагалі вяскоўцам у правядзенні масавых палявых работ.
Перад прысутнымі выступіў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Хірэвіч. Ён гаварыў не толькі пра дасягненні аграрнікаў. Значная частка была прысвечана аналізу праблем, прычын, што замінаюць больш эфектыўна працаваць на зямлі, атрымліваць больш і з меншымі затратамі малака і мяса.
Да прафесійнага свята вяскоўцаў і перапрацоўшчыкаў па традыцыі, падводзяцца вынікі раённага спаборніцтва сярод працоўных калектываў і прадстаўнікоў прафесій. У сувязі з гэтым прымаецца рашэнне раённага выканаўчага камітэта, згодна з якім лепшыя гаспадаркі, фермы, жывёлаводы, механізатары атрымліваюць Ганаровыя граматы райвыканкама, грашовыя прэміі, падарункі. Цырымонію ўручэння на галоўнай сцэне раёна правёў старшыня райвыканкама Віктар Цапота.
За самыя высокія паказчыкі і нарошчванне валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі ўзнагароды ўручаны ПП «Дружбінец», ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс», ААТ «Студзёнка», сялянскай фермерскай гаспадаркі «АВіК». У вытворчасці зерня першае месца прысуджана Віцебскай вопытнай меліярацыйнай станцыі, другое — райаграсэрвісу, трэцяе — не прысуджалася. У разлік прымаўся не толькі выхад зерня на 1 балагектараў. Улічвалася выкананне дзяржзаказу, засыпка насення пад ураджай наступнага года. ВДМС і райаграсэрвіс занялі адпаведна першае і другое месца і ў вытворчасці масланасення рапсу. Трэцяе месца ў гэтай намінацыі прысуджана ААТ «Белая Ліпа».
Сціплыя вынікі і ў вытворцаў прадукцыі жывёлагадоўлі. У вытворчасці мяса сёлета не адзначана ўзнагародамі ні адна гаспадарка. Павялічылі валавую вытворчасць малака, справіліся з іншымі ўмовамі спаборніцтва толькі жывёлаводы ПП «Дружбінец». Прадпрыемству прысуджана першае месца, другое і трэцяе — не прысуджаліся. Пераможцамі сярод калектываў жывёлаводчых ферм з прысуджэннем першага месца стала МТФ «Забор’е» ПП «Дружбінец». На ферме надаілі 1138 тон малака, надой на карову склаў 5375 кілаграмаў пры таварнасці 92%. 70% прадукцыі рэалізавана гатункам «экстра», 30 % — вышэйшым. Другое месца ў гэтай намінацыі за калектывам МТФ «Перакопава» ДП «Саўгас імя Машэрава». Трэцяе месца не прысуджалася.
Адзін за другім уздымаюцца на сцэну кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, якія на працягу года актыўна дапамагалі вытворцам сельгаспрадукцыі, лепшыя спецыялісты АПК, механізатары, жывёлаводы, прадстаўнікі іншых прафесій і спецыяльнасцей. Многія ў ролі пераможцаў спаборніцтва адчуваюць сябе звыкла: жывёлаводы Марыя Грыбкова, Юрый Самадуроўскі, Валянціна Скварцова, механізатары Аляксей Гарбачоў, Ігар Рукаль, Васіль Бірулін, Валерый Петухоў, Алег Андрэеў — гэты пералік можна працягваць. Але ёсць сярод пераможцаў раённага спаборніцтва і новыя асобы, што асабліва прыемна. Напрыклад, Сяргей Прыстаўка, аператар па вырошчванні буйной рагатай жывёлы саўгаса імя Машэрава.
Пра свята вяскоўцаў не забыўся прафсаюз работнікаў АПК. Ганаровыя граматы ад імя рэспубліканскага прафесіянальнага саюза і абкама Уладзіміру Багданоўскаму, дырэктару ААТ «Ульянавічы», Пятру Дзернушкову, прарабу УП «Сенненская ПМС», Наталлі Купрэенка, галоўнаму бухгалтару і старшыні прафкама ААТ «Студзёнка» ўручыў кіраўнік РК прафсаюза работнікаў АПК Леанід Кучынскі.
Завяршыўся вечар святочным канцэртам. Работнікі культуры і калектывы мастацкай самадзейнасці ўстаноў адукацыі раёна парадавалі сваёй творчасцю вяскоўцаў і ўсіх прысутных у зале.
Л.Іўеў.
НА ЗДЫМКАХ: віншаванні кіраўнікам гаспадарак, дзе высокія вытворчыя паказчыкі, ад старшыні райвыканкама Віктара Цапоты; кветкі ветэранам сельскай гаспадаркі.