Старшыня Сенненскага райвыканкама — жылкамунгасаўцам: “Сумлення ў вас няма!”

У жыллёва-камунальнай гаспадарцы раёна, як і ў сельскагаспадарчай вытворчасці, назіраецца вялікая змяняльнасць кіруючых кадраў, дэфіцыт абаротных сродкаў, залежнасць вытворчасці ад прыродных фактараў. Праўда, ЖКГ гэта тычыцца ў значна меншай ступені, таму чалавечы фактар — галоўная прычына дрэннай работы жылкамунгасаўцаў, і, як вынік, шматлікіх  наракананняў лю­дзей на дзейнасць Сенненскага РУП ЖКГ.

  Аб’ектыўнасць такога меркавання яшчэ раз пацвердзіў выязны Дзень Савета дэпутатаў у  Машканскім сельсавеце, які праводзіў старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Цапота, яго намеснікі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Вілюга, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, кіраўнікі адпаведных службаў і  арганізацый раёна. У прыватнасці, прысутнічаў і Васіль Кішковіч, нядаўна назначаны на пасаду дырэктара Сенненскага раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. І не дарма: з васьмі чалавек, якія пабывалі на прыёме асабіста ў старшыні райвыканкама, сем скардзіліся на работу жылкамунгасаўцаў. Паступалі нараканні на Машканскае аддзяленне ЖКГ (начальнік Анатоль Лосеў) і з іншых вёсак сельсавета, бо прадстаўнікі раёна пабывалі ва ўсіх населеных пунктах.

 У кватэры Людмілы Дудкінай зрабілі рамонт. Але першапрычына з’яўлення вільгаці не была ўстаноўлена. У выніку сцены зноў пачарнелі. Акрамя маці,  у кватэры жывуць два сыны-інваліды. Гэтыя абставіны і прымусілі жанчыну звярнуцца асабіста да старшыні райвыканкама.

 Замест прыняцця канкрэтных мер на скаргу жыхароў дома № 9 па вуліцы  Цурана, былое кіраўніцтва Сенненскага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі тры гады вяло з імі перапіску: адзін начальнік вызначаў адзін тэрмін рамонту, другі — іншы. Дапісаліся да таго, што, маўляў, ваш дом і ў план не ўключаны, увогуле ў нас «вышкі» няма.

 — Сумлення ў вас няма, — робіць выснову кіраўнік  раёна, — лепш не абяцалі б, а калі далі слова, то трымайце яго.  Сваёй бяздзейнасцю нельга здзеквацца з лю­дзей.

 Галіна Шадзько паскардзілася на тое, што жылкамунгас не праводзіць у  доме тэхнічнае абслугоўванне, капітальны рамонт,  не вядзе ўборку тэрыторыі, узімку не чысціць дарожкі, у «жыроўцы» не ўказвае  паслугі і іх кошт. Таму яна перастала плаціць за паслугі, якія, на яе думку, яна не атрымлівае. Запазычанасць перад ЖКГ склала 7 мільёнаў рублёў. Яна нават судзілася з жылкамунгасам. Суд  прыняў бок прадпрыемства. Але Галіна Шадзько, па-ранейшаму, стаіць на сваёй пазіцыі.

 Жанчына жыве ў двухузроўневай кватэры. І лесвічную пляцоўку лічыць месцам агульнага карыстання, што не адпавядае рэальнасці. У гэтым доме летась зроблены капітальны рамонт даху, на што выдаткавана звыш 400 мільёнаў рублёў, праўда, без узносу Галіны Шадзько.

 — Расставіць усе кропкі над «і», — дае распараджэнне старшыня райвыканкама. — Даць растлумачальны матэрыял у сродках масавай інфармацыі, што ўваходзіць у паняцці капітальны рамонт, тэхнічнае абслугоўванне, што павінен рабіць  наймальнік жылплошчы, а што прадпрыемства ЖКГ. Словам, устанавіць ступень адказнасці кожнага. Дагавор з  жыльцом павінен быць гранічна кан­крэтным і зразумелым, — падвёў рысу Віктар Цапота.

 Адносіны работнікаў ЖКГ да просьбы Таццяны Бярозка ўвогуле здзівілі. Жанчына звярнулася з  нагоды замены  шланга на гарачую ваду: адмовілі. Купі! «Дзе? Куды ехаць і калі? А галоўнае, які трэба?», — рэзонна наставіла пытанняў Таццяна Іванаўна.

 — Жылкамунгас — арганізацыя абслугоўваючая. Тут павінен быць нейкі абменны фонд патрэбных матэрыялаў, запчастак. Прыдзі, зрабі, а потым выставі рахунак на аплату, — прыкладна па такой схеме павінны працаваць жылкамунгасаўцы, — падсумаваў размову  старшыня райвыканкама.

 У перспектыве Сенненскае раённае ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі павінна быць гатова да прыёмкі на свой баланс усяго шматкватэрнага жылога фонду аграгарадка Машканы, думаць аб будаўніцтве тут станцыі абезжалезвання, бо на фермы вада паступае больш якасная, чым у жылы сектар. Нямала пустуе кватэр у Обалі, якія варта абуладкаваць пад сацыяльнае жыллё, чым можна вырашыць праблему пражывання адзінокіх састарэлых людзей.

 Па выніках Дня Савета выпрацаваны пратакол даручэнняў, які знаходзіцца на кантролі ў райвыканкаме. У яго ўключаны ўсе 47 звяротаў, заяў і скарг жыхароў Машканскага сельсавета, што паступілі ў гэты дзень. Указаны тэрміны і адказныя за выкананне. Цяпер справа за малым: выканаць даручэнні старшыні райвыканкама.

Міхаіл БЯЛОЎ.