Віктар Прохараў: Я не магу зразумець, чаму сёння спачатку трэба везці сыравіну на перапрацоўку ў Оршу і Віцебск, а потым перапрацаваную прадукцыю дастаўляць назад

Нядаўна на сцэне раённага Дома культуры жыхару Сянна, былому шматгадоваму старшыні калгаса імя Будзённага, дырэктару Сенненскага завода сухога  абястлушчанага малака Віктару Прохараву быў уручаны «Знак ганаровага ветэрана працы», які заснаваны Саветам рэспубліканскага грамадскага аб’яднання ветэранаў вайны і працы. Як высветлілася, гэта ледзь не адзіная, за выключэннем медаля «За доблесную працу» і некалькіх грамат аблвыканкама, узнагарода Віктара Цярэнцьевіча.

У Сянно Віктар Прохараў разам з жонкай прыехаў у далёкім 1963 годзе з Магілёўскай вобласці, дзе працаваў галоўным заатэхнікам  саўгаса. Справы ў жывёлагадоўчай галіне гаспадаркі ладзіліся і яго запрасілі на пасаду галоўнага заатэхніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Сенненскага райвыканкама.

«Не буду ўтойваць. Не толькі вытворчыя вынікі ў калгасе сталі падставай для запрашэння на больш высокую пасаду. Паспрыялі таварышы, з якімі вучыўся ў Віцебскім ветэрынарным інстытуце», — успамінае Віктар Цярэнцьевіч. Немалаважную ролю адыграў і той факт, што на Віцебшчыне ў тую пару было не так шмат спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Новая пасада адкрывала больш шырокія перспектывы для рэалізацыі вытворчага вопыту і тэарэтычных ведаў.

Але жыццё чалавека, як вядома, складаецца з узлётаў і падзенняў. У 1967 годзе першым сакратаром Сенненскага райкама КПБ стаў Яўген Ра­дзецкі. Як водзіцца, новы кіраўнік раёна пачаў фарміраваць сваю каманду. Віктару Прохараву месца ў ёй не знайшлося. Прапанавалі пасаду намесніка старшыні калгаса «Машканы». Віктар Прохараў адмовіўся і… трапіў у апалу. Спецыялісту з вышэйшай адукацыяй і вопытам працы на вытворчасці  ў апараце ўпраўлення сельскай гаспадаркі іншых прапаноў не паступала. Пошукамі працы давялося займацца самому. Ганенні пачаліся і на жонку. Кацярыну Прохараву звольнілі з пасады эканаміста па працы ўпраўлення сельскай гаспадаркі нягледзячы на тое, што жанчына знаходзілася ў водпуску па доглядзе за дзіцяці. «Рашэнне было незаконнае. Але аспрэчваць яго не рашыліся нават у судзе», — не хавае Кацярына Макараўна.

У рэшце рэшт Віктар Прохараў уладкаваўся. Быў намеснікам кіраўніка калгасаў у Застадоллі, Казлоўцы, а з 1 красавіка 1971 года — намеснікам дырэктара саўгаса «Янова» па нарыхтоўцы і збыце жывёлы. Гаспадарка на той час была адкормачнай пляцоўкай для раёна. У калгасах, саўгасах куплялі маладняк буйной рагатай жывёлы вагой 120-150 кг і ставілі ў «Янове» на адкорм. У якасці корму выкарыстоўвалі брагу, адходы вытворчасці мясцовага спіртзавода і салому. Прывагі дасягалі 800 грамаў у суткі. Прохараў, які займаўся закупам жывёлы ў насельніцтва, таксама не спаў ў шапку.  Куплялі кароў, быкоў, свіней. За год валавая закупка дасягала 1,2 тыс. тон мяса ў жывой вазе. Але і ў «Янове» Віктар Прохараў не затрымаўся надоўга. У 1974 годзе рашэннем бюро райкама партыі яго прызначылі старшынёй калгаса імя Будзённага. Напярэдадні такім жа рашэннем ад пасады быў вызвалены Леанід Храмцоў. Калгас імя Бу­дзённага быў моцнай гаспадаркай. Былы кіраўнік лічыўся добрым арганізатарам, кваліфікаваным спецыялістам, трымаў у калектыве дысцыпліну, актыўна змагаючыся з аматарамі «зялёнага змію». Але вызвалілі Храмцова з фармуліроўкай «За распіццё алкагольных напояў у рабочы час…», — з усмешкай нагадвае Віктар Прохараў. А гісторыя тады здарылася наступная. На 9 Мая галоўны інжынер гаспадаркі, які быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, спакусіў Храмцова ў абедзенны перапынак выпіць па келіху каньяку. Як на тое, у гаспадарку завітаў нехта з абкамаўскіх работнікаў і ўнюхаў алкаголь, паведаміў пра гэта першаму сакратару райкама. Разгарэўся скандал, у выніку якога чалавеку зламалі лёс, а ўлічваючы прафесіяналізм і арганізатарскія здольнасці Леаніда Храмцова, шмат чаго страціла і вытворчасць.

Зрэшты, пры Прохараве справы ў калгасе імя Будзённага таксама ішлі добра. Гаспадарка па вытворчых, эканамічных паказчыках стабільна ўваходзіла ў пяцёрку лепшых гаспадарак раёна. На банкаўскім рахунку заўжды былі грошы, калгаснікі атрымлівалі дастойную зарплату, бясплатнае жыллё з усімі камунальнымі выгодамі, побач з якімі будаваліся гаспадарчыя пабудовы, каб людзі трымалі ўласную гаспадарку.Узводзіліся вытворчыя пабудовы: майстэрня, комплекс для вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы.

Аднойчы райкам партыі вырашыў правесці ў калгасе імя Будзённага эксперымент. Звычайна на справаздачна-выбарчым сходзе старшыню праўлення калгаса выбіралі адкрытым галасаваннем. А тут прапанавалі  галасаваць тайна, з выкарыстаннем скрыні. Пікантнасці дадаў той факт, што Прохараў у той час быў на бюлетэні — напярэдадні ён пашкодзіў пазваночнік. Але на сход прыйшоў, прастаяў за сталом пакуль ішлі справаздачы спецыялістаў, выступленні калгаснікаў. Выступіў сам са справаздачай, дарэчы, вельмі рэзкай, крытычнай як у адносінах да спецыялістаў, так і механізатараў, жывёлаводаў. Пачалося галасаванне, вынікі якога прадказаць ніхто не браўся. Калі падлічылі галасы, то аказалася, што супраць Прохарава не выказаўся ні адзін калгаснік.

«Мне лёгка было працаваць, бо ў калгасе быў выдатны аграном Леанід Румо, добры інжынер Канстанцін Атрошкін, — лічыць зараз Віктар Прохараў. — У пасяўную, на жніве працавалі з 5-00 да цёмнага, тэхніка — у дзве змены. Звычайна вадзіцелі  аўтамабіляў перасаджваліся на трактары, у начную змену на іх працавалі галоўныя спецыялісты.  Гэта было нормай». Нормай для сям’і  Прохаравых была адсутнасць Віктара Цярэнцьевіча  дома. Бывала, што дзеці не бачылі  месяцамі, бо  яшчэ спалі, калі бацька пакідаў жыллё, і ўжо спалі, калі вяртаўся.

Вясной 1980 года ў гаспадарцы ў час пасяўной пабываў першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў. Яго верталёт прызямліўся ля Савініч. Першую асобу рэспублікі суправа­джалі Мікалай Дземянцей, на той час сакратар ЦК КПБ, які адказваў за аграпрамысловы комплекс, першы сакратар райкама Яўген Радзецкі. Тэхніка працавала, якасць апрацоўкі зямлі была добрай, таму госці пакінулі калгас у добрым настроі.

Чарговай прыступкай у службовай лесвіцы Віктара Прохарава стала пасада начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Сенненскага райвыканкама. Успамінаючы аб тым перыядзе сваёй вытворчай дзейнасці, ён заўважае: «Нарады з кіраўнікамі гаспадарак праводзіліся рэгулярна. Але для гэтага іх не выклікалі ў райцэнтр, а выкарыстоўвалі сродкі сувязі — рацыю. Былі і ўпаўнаважаныя. Але эфект іх дзейнасці быў даволі нізкім заўжды. Калі на месцы не працуюць кіраўнік, спецыялісты, справы паправіць цяжка».

«Мне заўжды шанцавала на спецыялістаў. На тым жа малаказаводзе, куды я прыйшоў пасля работы ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі, працавалі прафесіяналы: Ларыса Камякова, Роза Блыкіна — іх да гэтага часу добрым словам успамінаюць на прадпрыемстве, карыстаюцца плёнам іх працы. Вытворчасць развівалася дзякуючы іх няўрымслівасці. Масла, сухое малако былі нашай галоўнай прадукцыяй, але разам з імі з канвеера сыходзілі малако пастэрызаванае, тварог, сыр адыгейскі. Дадатковая прадукцыя дапамагала вытворчасці, напаўняла магазіны раёна запатрабаванай прадукцыяй. Я не магу зразумець, чаму сёння спачатку трэба везці сыравіну на перапрацоўку ў Оршу і Віцебск, а потым перапрацаваную прадукцыю дастаўляць назад», — не хавае сваіх адносінаў да сучаснай сітуацыі ў перапрацоўчай галіне Віктар Прохараў.

Летась Віктару Цярэнцьевічу споўнілася 75 гадоў, Кацярыне Макараўне — 70. Два гады таму Прохаравы ад­значылі яшчэ адзін юбілей — залатое вяселле. Сабралі сяброў юнацтва, запрасілі былых калег па працы. Прыехалі дзеці, унукі. Віктар Цярэнцьевіч і Кацярына Макараўна дачакаліся ўжо і праўнукаў. Але ўсе іх родныя  жывуць ў Мінску ці Маскве, хоць на бацькоў і не забываюцца. Масквічы бываюць радзей, а вось сын са сваімі нашчадкамі прыязджае амаль кожны месяц. Усе яны выбралі ў гэтым жыцці свой шлях. Дачка стала педагогам.  Сын скончыў інстытут замежных моў, працаваў перакладчыкам і радыстам у транспартнай авіяцыі. У свой час ён дванаццаць гадоў правёў саветнікам у Анголе, дзе на той час ішла вайна.  Так што чалавеку, на думку Віктара Прохарава, толькі здаецца, што ён выбірае лёс. Галоўнае, у гэтым жыцці застацца  самім сабой, не згубіць годнасць.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *