З Днём працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК! Сямейны падрад

На дваіх у Аляксандра Дзярагіна і Ірыны Палінар —195 галоў буйной рагатай жывёлы. Менавіта столькі змяшчае ферма ў вёсцы Буй, дзе і працуюць адны з лепшых жывёлаводаў ПП «Дружбінец».

Працоўны стаж Аляксандра Іванавіча і Ірыны Міхайлаўны ў сельгаспрадпрыемстве складае 10 гадоў, сямейны — 11.

Пра тое, каб звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, ні Ірына, ні Аляксандр нават не думалі. Яна, хоць і вясковая, вучыцца паехала ў Оршу, асвойваць спецыяльнасць тэкстыль­шчыцы ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы №45. Там пазнаёмілася з чашніцкім хлопцам, які стаў яе першым мужам. Праўда, жыццё не задалося — галава сям’і неўзабаве памёр. Маладая жанчына засталася сам насам з маленькім дзіцём на руках. Праўда, хутка лёс падараваў ёй надзейнага і любячага спадарожніка па жыцці. З Аляксандрам Ірына пазнаёмілася ўжо падчас працы на Чашніцкім спіртзаводзе, дзе мужчына рупіўся шафёрам. Выбраннік аказаўся старэйшым за яе на 9 гадоў.

— Маладая, прыгожая, без усялякіх шкодных звычак, да таго ж гаспадарлівая, — дзеліцца ўспамінамі аб іх знаёмстве Аляксандр Іванавіч.

Мабыць таму, не задумваючыся прамяняў горад на вёску і пераехаў на малую радзіму каханай — у Нямойтаўскі сельсавет. Абое адразу ўладкаваліся на ферму. У гэтай сферы ад лішку працоўных рук, як кажуць, не пакутуюць. Купілі ў вёсцы  Буй  жыллё. Ужо тут нарадзіўся іх агульны сыночак Міша. З цягам часу гаспадарка выдзеліла працаві­тай сям’і сучасны «прэзідэнцкі» дом у Нямойце, дзе яны жывуць цяпер. А ўласная хата стала дачай.

— Мы жывем на два дамы. Зімой — у Нямойце, улетку перабіраемся ў Буй, — кажа Ірына.

Ад аграгарадка да месца працы не менш 5 кіламетраў. Выратоўвае транспарт сельгаспрадпрыемства, які дастаўляе работнікаў на аб’е­кты.

Гледзячы на Ірыну Міхайлаўну, не адразу прыходзіць на розум: якая непамерна цяжкая, карпатлівая праца ляжыць на плячах гэтай стройнай жанчыны і яе другой паловы. Жывёлу трэба пакарміць, напаіць (2-3 разы ў суткі), вычысціць гной з памяшканняў. Значную частку працы даводзіцца выконваць уручную. Ад клопату аператараў залежыць будучыня «калгаснага» статка. Таму выхадных у сужэнцаў практычна няма. А вось што ёсць, дык гэта працаздольнасць і адказнасць за сваю справу. На адносіны да працоўных абавязкаў не ўплываюць нават сямейныя вузы.

— Не паверыце, калі па патрэбе якой неабходна адлучыцца, ва ўласнай жонкі ад прошваюся. Калі б ведаў, што мая палова такая працавітая, наўрад ці паехаў у вёску, — жартуе Аляксандр Іванавіч.

Затое з такой працы і аддача адчувальная. Штомесяц атрымліваюць да заработнай платы прэмію. Летась па выніках за 2011 год Ірына Палінар і Аляксандр Дзярагін былі ўганараваны рэспубліканскай прэміяй. Сярод аператараў па вырошчванні БРЖ яны ў ліку лідараў у раёне. З пачатку года сярэднясутачныя прывагі склалі звыш 800 грамаў.

Між тым, дома, пасля працоўнага дня, Ірыну і Аляксандра чакае ўласная немалая гаспадарка. На сваім падворку яны трымаюць карову, цялушку, парася, курэй, качак. Ахоўвае сямейнае багацце аўчарка.

— Няўжо вам працы на ферме не хапае? — пытаюся.

— Хапае, канешне, але ж свайго малачка таксама хочацца, — кажа Ірына.

Клапоціцца яна не толькі пра сябе. Побач жыве старэйшая дачка Наташа. Дзяўчына выйшла замуж, цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, выхоўвае дачушку Ганначку. Малодшаму сыночку Мішу ўсяго толькі 9 гадоў.

Жыць у сельскай мясцовасці і не трымаць свойскай жывёлы  для Ірыны і Аляксандра — непрымальна. Да слова, іх рагуля — адзіная на ўсю вёску. А вось ахвотных да смачнага сырадою куды больш.

— Летам, калі дачнікі прыязджаюць, малака нават самім не хапае, — прызнаецца гаспадыня.

Да Ірыны Міхайлаўны ідуць не толькі за малаком. Разам з жывёлагадоўчай і хатняй працай яна паспявае сумя­шчаць абавязкі старэйшыны вёскі Буй. Населены пункт сёння налічвае каля 10 двароў. Большасць насельніцтва, зразумела, складаюць людзі сталага веку. Тым не менш да знікаючых вёсак Ірына родны яе сэрцу Буй далучаць не хоча. Сцвярджае, летам жыццё тут кіпіць, праўда, за кошт дачнікаў. Зараз для старэйшыны настае адказны перыяд. Зіма для вяскоўцаў нясе шмат праблем. Не гарыць ліхтар, дарога не расчышчана, няма вады — са сваімі надзённымі клопатамі жыхары ідуць да Ірыны Міхайлаўны і спадзяюцца на яе дапамогу.

— Чым можам, дапамагаем. Напрыклад, тую ж ваду вяскоўцам падвозім на кані, — расказвае Аляксандр Іванавіч.

Іх хлеб не назавеш лёгкім. Магчыма, мазалёў было б менш , калі б засталіся  ў горадзе. Толькі не па іх гарадскі тлум. Куды мілей вясковыя абшары. Цяжэйшая праца, але тым радасней бачыць рэальныя вынікі свайго руплення.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: Ірына Палінар і Аляксандр Дзярагін.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *