У Ходцах адкрылі этнаграфічную «кунсткамеру»

Трапіўшы ў адміністрацыйны будынак Ходцаўскага сельскага Савета, не прамініце зазірнуць у мінулае. З нядаўняга часу тут адчынілі  дзверы музейныя пакоі, дзе можна ўбачыць як жылі, чым захапляліся колішнія жыхары Ходцаў ближэйшых вёсак

У шасці асобных памяшканняў сабраныы рэчы штодзённага ўжытку, прылады працы, рамесніцкія вырабы. Кожны пакой мае тэматычную накіраванасць.

У першым, напрыклад, пераважае кераміка: гліняныя збаны, гарлачы, іншы посуд  як самаробны, так і фабрычнай вытворчасці. Побач размясціліся драўляныя кадушкі, ступы, маслабойкі. Над усім гэтым пасудным царствам узвышаецца медны самавар. Насупраць — вялікая колькасць прылад працы. Для чаго выкарыстоўваліся многія з іх сёння і не здагадаешся.

Яшчэ адным папулярным матэрыялам у ходцаўскіх умельцаў была ракіта. Яно і не дзіва, азёр у гэтым краі, па берагах якіх растуць невялікія і гнуткія дрэўцы, мноства. Дагэтуль вяскоўцы аддаюць перавагу плеценай тары. Кажуць, прадукты ў такой доўга не псуюцца. Не зніклі з ходцаўскай зямлі і лозапляцельшчыкі. Побач са старажытнымі карабамі пачэснае месца занялі вырабы народнага майстра Сяргея Грунтова. Яго залатыя рукі могуць не толькі грыбны кошык сплесці, але і прадметы інтэр’еру: ад настольнай лямпы да мэблі.

Ткацтва ды вышыўка былі, бадай, самымі ўлюбёнымі заняткамі жаночай паловы тагачаснага насельніцтва. У пачатку мінулага стагоддзя «паглынальнікаў часу» — тэлевізараў — яшчэ не было, ды і ў 60-80-х гадах «цуда тэхнікі» не ў кожнай хаце можна было сустрэць. Вось і бавілі час доўгімі зімовымі вечарамі жанчыны — за кудзеляй, дзяўчаты — за пяльцамі. Іх справу сёння працягваюць ужо ўнучкі. Вось, дзе праглядаецца сувязь пакаленняў: вышываныя карціны сучасных майстрых суседнічаюць побач з даматканымі ручні­камі ды посцілкамі іх маці і бабуль.

«Брыльянтам» усёй экспазіцыі можна назваць шыкоўны шарсцяны дыван. Нягледзячы, што яму не адно дзесяцігоддзе, квяцісты ўзор не страціў фарбаў. І даматканасць яго выдае хіба няроўнасць варсінак. Тут жа можна ўбачыць працэс стварэння, вялікі (вышынёй у 2 метры, шырынёй — у 3)станок са шматлікімі цвікамі, на якіх вузельчыкамі завязаны ніткі — застаецца толькі здзіўляцца спрыту майстрыхі. Побач пачаты дыван, на жаль скончыць яго аўтарка — Таццяна Латышава з вёскі Лазова — не паспела. Аднак памяць пра яе застанецца жыць у тым ліку ў рэчах, якія дзеці Таццяны Несцераўны перадалі ў музей. Дзякуючы чаму адно з памяшканняў было абсталявана пад інтэр’ер сялянскай сядзібы першай паловы ХХ стагоддзя. Дыхтоўная дубовая шафа (не раўня сучасным вырабам з  ДВП і ДСП), вялізнае трумо з зацягнутым пацінай люстэркам, разная канапа. Збоку  падвешаная пад столь драўляная калыска — нязменны атрыбут, сімвал прадаўжэння жыцця. У чырвоным куце, як і належыць, пацямнелы ад часу абраз, які перадавалі з пакалення ў пакаленне насуперак усім праявам ваяўні­чага атэізму.

Людзі сталі галоўнымі экспанатамі апошняга музейнага пакойчыка. Заслужаныя працаўнікі, знакамітыя землякі, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Увагу прыцягнуў невялікі самаробны альбом у драўлянай аправе, з кардоннымі старонкамі. Яго можна было б лічыць звычайным «дэмбельскім» напамінам, калі б не здымкі, датаваныя 1943-1945 гадамі. З кожным звязана свая ўнікальная гісторыя, дастойная асобнага газетнага артыкула. Уладальнік рарытэта — Міхаіл Куліш, удзельнік вайны. Альбом у музей перадала яго дачка Вольга Шчарбакова — дарэчы, старшыня Ходцаўскага сельскага Савета.

І не толькі гэта. Многія экспанаты з’явіліся пры непасрэдным удзеле кіраўніка мясцовай улады. Актыўнымі збіральнікамі «народнага дабра» былі выкладчыкі і вучні Ходцаўскай сярэдняй школы. Сярод іх былая настаўніца гісторыі Вольга Войлакава, якая можа шмат цікавага распавесці пра кожную рэч.

Штосьці знаходзілі на гарышчах уласных домаўладанняў, прасілі ў аднавяскоўцаў. Многія самастойна, замест таго, каб выкінуць непатрэбную ў сучасным побыце рэч на звалку, прыносілі яе ў школу. Невялікі пакойчык з цяжкасцю змяшчаў экспанаты. Вырашана было перанесці калекцыю. Дзеля гэтых мэтаў на другім паверсе сельсавецкага будынка выдзелілі цэлае крыло.

«Разлічваць на паўнацэнны музей мы, на жаль, не можам, — каментуе Вольга Шчарбакова. — Для гэтага патрэбна мець пэўнае абсталяванне». Але музейныя пакоі дапамогуць захаваць унікальную этнаграфічную калекцыю і перадаць яе на­шчадкам. Мабыць таму, тут разлічваюць бачыць у пастаянных наведвальніках вучняў мясцовай школы.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *