У 95-ую гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі Сенненскі раённы хор ветэранаў адсвяткаваў 25-годдзе

Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі адзначаюць не толькі прыхільнікі камуністычных ідэй. У краіне, дзе праводзіцца сацыяльна-арыентаваная па­літыка, 7 лістапада — дяржаўнае свята, якое сёлета адзначалася ў 95 раз.

У Сянне, у раённым Доме культуры, напярэдадні прайшоў урачысты сход. На яго былі запрошаны дэлегацыі ад усіх прадпрыемстваў і арганізацый горада, органаў раённай улады, выканкамаў сельскіх Саветаў дэпутатаў, грамадскіх арганізацый. Значную частку  людзей, што сабраліся ў актавай зале, складалі ветэраны.

Перад прысутнымі выступілі старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Цапота, першы сакратар раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Уладзімір Бяляцкі. Яны ўзгадалі рэвалюцыю,грамадзянскую вайну, іншыя падзеі даўніны і той уплыў, які яны мелі на лёс беларускай дзяржавы і беларусаў.

У Сянне першы з’езд сельскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў прайшоў 26 лістапада 1917 года. Ён прыняў рэзалюцыю, у якой аб’явіў аб пераходзе ў павеце ўлады да Савета дэпутатаў і Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. У той жа дзень пра гэта было заяўлена з балкона земскай управы. Цяпер у гэтым будынку размяшчаецца раённы краязнаўчы музей.

Сёння можна пачуць самыя розныя меркаванні не толькі пра рэвалюцыйныя падзеі, але і дзяржаву, створаную яе правадырамі. Усе гэтыя думкі маюць права на існаванне. Безумоўна адно, большасць людзей старэйшага пакалення застаецца вернай сацыяльным  каштоўнасцям, што аб’ядналі людзей пад чырвонымі сцягамі, цэніць узнагароды неіснуючай дзяржавы, удзячна ўладам сённяшняй беларускай дзяржавы за адзнаку свайго ўкладу ў эканоміку, грамадскае жыццё краіны. На ўрачыстым схо­дзе «Знак ганаровага ветэрана працы «, заснаваны на падставе палажэння, што распрацавана рэспубліканскім Саветам ветэранаў, з рук старшыні райвыканкама прыняў за актыўную шматгадовую і плённую працу ў раённай ветэранскай арганізацыі па сацыяльнай абароне ветэранаў і маральна-патрыятычным выхаванні моладзі, а таксама ў гонар 95-годдзя з дня Кастрычніцкай рэвалюцыі В.Ц. Прохараў. Ён шмат гадоў прысвяціў працы ў сельскай гаспадарцы, у тым ліку ў якасці старшыні калгаса, дырэктара малаказавода.  Знакам адзначана таксама праца В.А.Злоткі, І.Ц. Міхалькова.

7 лістапада для некаторых сталых сенненцаў памятнае не толькі гадавінай рэвалюцыі. У гэты дзень 1987 года на раённую сцэну  ўпершыню выйшаў хор ветэранаў вайны і працы. Першым і нязменным на працягу 17 гадоў яго кіраўніком быў В.І.Сіпараў. Хор пад яго кіраўніцтвам атрымаў званне «народны»,  актыўна займаўся канцэртнай дзейнасцю, выступаючы перад землякамі і ў іншых райцэнтрах вобласці. З 2004 года хормайстрам творчага калектыву працуе Т.А.Грыгаран. Цяперашні і былы кіраўнікі атрымалі граматы райвыканкама, іншыя ўзнагароды. Падарункі ад раённага савета ветэранаў, РК БРСМ, некаторых працоўных калектываў былі ўручаны і хору.

У час урачыстага сходу хор ветэранаў не толькі прымаў віншаванні з нагоды свайго юбілею. Творчы калектыў стаў актыўным удзельнікам урачыстага мерапрыемства. У выкананні самадзейных артыстаў прагучала некалькі песень. Да старэйшых таварышаў далучыліся іншыя аматары песеннай творчасці рознага ўзросту.  У выніку тыя, хто прыйшоў на ўрачысты сход у раённы Дом культуры, атрымалі яшчэ і асалоду ад творчасці землякоў.

Мерапрыемствы з нагоды 95-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі працягваліся ў райцэнтры непасрэдна 7 лістапада. Камуністы горада, людзі сталага ўзросту сабраліся на цэнтральнай плошчы, дзе ўсклалі кветкі да бюстаў Леніна і Маркса.

Яўген АляксандраЎ.