Усе лялькі ў госці да нас

У першы дзень лістапада ў нашым горадзе адбылася падзея абласнога маштабу. У рамках Года кнігі прайшло абласное свята-конкурс лялечных тэатраў «Лялечны свет».

Сянно не выпадкова стала месцам правя­дзення гэтага мера­прыемства: лялечны тэатр кнігі «Пятрушка», створаны пры Сенненскай раённай дзіцячай біб­ліятэцы, летась атрымаў ганаровае званне «народны аматарскі калектыў».

У конкурсе прынялі ўдзел 11 самадзейных тэатраў.

Перад пачаткам дзейства ўдзельнікі свята азнаёміліся з выставамі лялек і дзіцячых малюнкаў. Дзеці з ці­каўнасцю разглядалі лялькі, з якімі калісьці гулялі іх матулі і бабулі. Выклікалі непадробны інтарэс і творы юных мастакоў.

Для дзятвы свята пачалося яшчэ ў фае раённага Дома культуры, дзе артысты тэатра ігры «Ігрык» Верхнядзвінскага РДК перад пачаткам прадстаўлення забаўлялі маленькіх гледачоў. Не давалі яны сумаваць зале і ў паўзах паміж спектаклямі, калі ішоў мантаж дэкарацый. Артысты «Ігрыка» былі і вядучымі праграмы абласнога свята.

«На сенненскім небасхіле ўзышла зорка «Лялечнага свету»,— такімі словамі адкрыла мерапрыемства намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Зоя Фаміна. І як у казцы заўсёды перамагае даб­ро, так і дзецям яна пажадала быць заўсёды добрымі, а дарослым — успомніць цудоўную пару іх дзяцінства. Зоя Сцяпанаўна выказала таксама на­дзею і адначасова прось­бу да абласнога выканаўчага камітэта, каб форум самадзейных лялечных тэатраў Віцебшчыны атрымаў у Сянне пастаянную прапіску.

Пачаўся конкурс спектаклем «Чырвоная шапачка» ўзорнага лялечнага тэатра «Церамок» Дубровенскага РДК. Адзін за адным прадстаўлялі свае пастаноўкі калектывы. Змяняліся дэкарацыі на сцэне і гледачы ў зале. Нязменнай заставалася атмасфера вяселля, дабрыні, шчырасці і мастацтва. І гарадскія, і вясковыя дзеці, якім па­шчасціла трапіць на прадстаўленне, атрымалі безліч новых уражанняў і станоўчых эмоцый.

Напружана працавала журы, у склад якога, разам з прадстаўнікамі з абласнога цэнтра, уваходзіла начальнік ад­дзела культуры Сенненскага райвыканкама Ларыса Новікава.

На цырымоніі закрыцця свята былі прадстаўлены пераможцы. Гран-пры атрымаў народны лялечны тэатр «Вытворяшки» Пастаўскага РДК, які выступаў са спектаклем «Чароўная дудачка». Тэатр быў створаны ў 1998 годзе. Найменне «народны» атрымаў у 2005-ым. У 2009-ым калектыў тэатра прымаў удзел у Міжнародным праекце «Фабрыка ўмельцаў» у Польшчы.

Першае месца журы прысудзіла народнаму тэатру лялек «Капялюш» Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры г.Наваполацка, які прадставіў спектакль «Га­дзіннік з зязюляй». Тэатр быў створаны ў 1996 годзе. Званне «народны» прысвоена ў 2011-ым. З’яўляецца пераможцам абласнога свята-конкурсу лялечных тэатраў «Запрашаем у казку», якое праходзіла ў 2010 годзе.

Другое месца ў конкурсе заняў узорны лялечны тэатральны калектыў «Диковинка» Зарубінскага СДК Глыбоцкага раёна, які выступіў са спектаклем «Чараўніца восень». Калектыў быў створаны ў 2006 годзе. Атрымаў найменне «ўзорны аматарскі калектыў» у 2009-ым. З’яўляецца пераможцам абласнога свята-конкурсу лялечных тэатраў 2010 года.

Трэцяга прызавога месца быў удастоены народны лялечны тэатр кнігі «Пятрушка» Сенненскай раённай дзіцячай бібліятэкі за спектакль «Маша і Мядзведзь». Калектыў тэатра прымаў удзел у сёлетнім рэспубліканскім свяце, прысвечаным Дню беларускай пісьменнасці ў г.Глыбокае ў першым абласным свяце-конкурсе лялечных тэатраў, у раённых святах, прысвечаных Году кнігі і 570-годдзю Сянно, у іншых мерапрыемствах.

У час свята-конкурсу лялечных тэатраў кожны калектыў-удзельнік уручыў адной з мнагадзетных сенненскіх сям’яў падарунак.

Свята скончылася, але жыве надзея, што яно зноў вернецца ў Сянно, каб застацца тут назаўсёды.

Таццяна Буракова.

На здымках: у час свята-конкурсу «Лялечны свет».