“Голас Сенненшчыны” – выданне, якое чакаюць

— Жыць у раёне і не чытаць мясцовае выданне?.. Здзіў­ляеце! — адрэагавала Галіна Секачова, жыхарка Багушэўска, калі мы пацікавіліся ці выпісвае яна «Голас Сенненшчыны».

Пятнаццаць гадоў назад  Секачовы прыехалі з Санкт-Пецярбурга на малую радзі­му Галіны Рыгораўны. І літаральна з першых дзён пачалі выпісваць раёнку.

Дарэчы, сям’я шмат чытае, пра што сведчыць не толькі вялікая  хатняя бібліятэка, але і наяўнасць перыядычных выданняў, сярод якіх «Рэспубліка», «Народнае  слова», «Народная газета». «Хіба можна сёння ўявіць жыццё чалавека без СМІ? Канешне, не, — гаворыць жанчына. — Таму  мы, нягледзячы на тэлебачанне, інтэрнэт — усё ж выпісваем газеты».

З  асаблівым настроем трымаю ў руках свежы выпуск «Голасу Сенненшчыны», дзеліцца субяседніца. З кожным годам выданне мяняецца. І калі параўнаць, якім яно было раней і цяпер, то, безумоўна, зараз больш цікавае. Некалькі дзесяцігоддзяў назад шмат месца займала палітычная інфармацыя, сёння тут знойдзеш літаральна ўсё.

На працягу многіх гадоў «Голас Сенненшчыны» дапамагае жанчыне сачыць за навінамі. Калі прыходзіць свежы нумар, то першае, на што  яна звяртае ўвагу — на інфармацыю аб падзеях, на матэрыялы пра дзейнасць раённых улад. Да іх яна ставіцца з асаблі­вай увагай, бо з’яўляецца дэпутатам пасялковага Савета, што  абавязвае як мага лепш валодаць сітуацыяй у раёне. Як прызналася Галі­на, для яе «Голас Сен­неншчы­ны» — сяброўка, якую чакаеш. Быў час, калі жанчына сама дапамагала нашаму выданню. У мінулым Галіна Рыгораўна працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце багушэўскай СШ №1, цесна супрацоўні­чала з «раёнкай». Гэта быў наш адданы пазаштатны карэспандэнт: дасылала артыкулы, прысвечаныя школь­наму жыццю, апісвала мерапрыемствы, якія арганізоўваў пасялковы Савет. А ў школе дапамагала вучням ствараць газету «Переменка». Жанчына шмат расказвала вучням пра наша выданне. У школе нават быў спецыяльна створаны стэнд, дзе вывешвалі «раёнку». «І, ведаеце, чыталі і дзеці, і настаўнікі, — успамінае Галіна Рыгораўна. — Увогуле, прыемна бачыць, што рэдакцыя праводзіць вялікую работу з юнымі карэспандэнтамі, дае ім магчымасць друкавацца на старонках выдання. Для некаторых першая проба пяра вызначае ў будучым прафесію».

Рэклама — вось чаго на старонках газеты стала ў апошні час значна больш.  Галіна Рыгораўна да яе ста­віцца станоўча, з разуменнем таго, што яна патрэбна людзям, ды часам проста цікава паглядзець, што набываюць, а што прадаюць.

Галіна Секачова  — чалавек рознабаковы. Захапляецца фотасправай, дэкупажом, цудоўна вышывае, разводзіць  кветкі — усяго і не пералічыш. Таму  яе просьба да нас, карэспандэнтаў газеты, не здзівіла: жанчына хоча, каб мы больш пісалі пра таленавітых лю­дзей, перыядычна змяшчалі матэрыялы па гісторыі роднага краю, пра нашых землякоў, хто сваёй самаадданай працай, спартыўнымі поспехамі славіць  Сенненшчыну.

Ала ЯКАЎЛЕВА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *