У Сянне прайшло абласное свята-конкурс аматарскіх лялечных тэатраў «Лялечны свет». Наш “Пятрушка” ў прызёрах!

 У фае раённага дома культуры, дзе праходзіла свята, гаспадары мерапрыемства арганізавалі выставу лялек, сучасных і тых, з якімі гулялі бацькі цяперашняй дзятвы.

 Удзел у конкурсе на лепшую пастаноўку прынялі 11 творчых калектываў вобласці, у тым ліку і тэатр кнігі «Пятрушка» Сенненскай дзіцячай бібліятэкі, які летась атрымаў высокае званне «народны». Увазе гледачоў былі прадстаўлены і традыцыйная батлейка, і верхавыя лялькі, і шырмавыя спектаклі.

 Юныя гледачы — выхаванцы дзіцячых садоў і вучні школ раёна, якіх такімі відовішчамі забаўляюць не вельмі часта, атрымалі шмат новых уражанняў і ад спектакляў, і ад гульняў, што праводзілі з рабятамі казачныя персанажы.

 У час правядзення конкурсу прайшла дабрачынная акцыя, у рамках якой кожны калектыў-удзельнік свята ўручыў сімвалічны падарунак мнагадзетнай сям’і.

  Таццяна Буракова.

 P.S. Гран-пры ІІ абласнога конкурсу аматарскіх лялечных калектываў “Лялечны свет” атрымаў народны лялечны тэатр “Вытворяшки” Пастаўскага раённага дома культуры (кіраўнік Алена Слядзеўская). У тройцы лаўрэатаў конкурсу: 1 месца — народны тэатр “КапялюШ” цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры г.Наваполацка (кіраўнік Андрэй Рэцікаў); 2 месца — узорны лялечны тэатр Зарубінскага сельскага дома культуры Глыбокскага раёна “Диковинка“ (кіраўнік Алена Заяц); 3 месца — народны лялечны тэатр кнігі “Пятрушка” Сенненскай раённай дзіцячай бібліятэкі (кіраўнік Валянціна Цярэнцьева) .

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *