Сысці з “крывой дарожкі” жыхару Сенненшчыны дапамагло хобі

Дрэва прыгожае само па сабе. Аднак, патрапіўшы ў рукі сапраўднага майстра, у ім зараджаецца другое жыццё, якое напаўняецца цеплынёй, думкамі і душой мастака…

 Яшчэ з дзяцінства Сяргей Фядзюк меў справу з дрэвам. Яго сям’я жыла на ўскрайку Віцебска ля лесапасадкі. Хлопчык дапамагаў нарыхтоўваць дровы, узводзіць гаспадарчыя пабудовы. А паспрабаваць штосьці выразаць з дрэва будучаму майстру прапанаваў яго дзед. Паспрабаваў — атрымалася.

 Першыя работы, па словах Сяргея Валер’евіча, былі простыя: звычайныя ўзоры «геаметрыі», шкатулкі, нарды, кухонныя прылады, наборы. З цягам часу ўдасканальваў сваё майстэрства. А потым пачаў прафесійна займацца разьбой па дрэве. Навучыўся выразаць з яго і больш складаныя рэчы: розных звяроў, казачных герояў і інш.

 Сёння Сяргей Фядзюк жыве ў вёсцы Старая Беліца. Ведаюць майстра не толькі ў раёне. Яго вырабы карыстаюцца папулярнасцю і ў абласным цэнтры, Багушэўскім лясніцтве, канешне, больш буйныя, амаль у чалавечы рост: лось, зубр, конь, мядзведзь з бочкай мёду і інш. Бывае, што паляўнічыя прывозяць трафеі забітай капытнай дзічыны. Тады разьбяр робіць да іх драўляныя галовы. На больш «дробныя» рэчы ў майстра ёсць ужо нарыхтаваныя шаблоны, але ўлічвае і густ чалавека, якому падорыць выраб.

 Маляваць Сяргей Фядзюк не ўмее, але «пад разьбярства» малюе.

 — Не думаў раней, што з простай калоды  можна нешта зрабіць, — прызнаецца майстар. — Падла­джваешся пад дрэва, фантазіруеш, думаеш, як павінна выглядаць твая работа.

 Ва ўжытку з матэрыялаў у Сяргея Фядзюка — «мяккая» ліпа, «свежая» асіна. Выразаць з дрэва нарыхтоўку, апрацаваць, удасканаліць яе, падкле­іць, патаніраваць, пакрыць лакам — праца, канешне, мастацка-карпатлівая. Аднак хуткасць канчатковага выніку залежыць ад настрою майстра. Сярэдняй велічыні мядзведзь, напрыклад, пад настрой «выразаецца» за дзень. Калі няма натхнення — можа рабіцца і тыдзень.

 Аднойчы спатыкнуўшыся, для сябе Сяргей Фядзюк адкрыў новую цікавую старонку жыцця, не без дапамогі былога ўчастковага Андрэя Пернера. Цяпер разьбярства для майстра  стала заняткам для душы.

Ірына ГАРБАЧОВА.