У Сенненскім раёне з 19 паказчыкаў выкананы толькі 4

На чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта было прааналізавана выкананне паказчыкаў прагнозу, зацверджаных распараджэннем старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Косінцам. Адзначалася, што за студзень — верасень выкананы толькі 4 паказчыкі з 19, што знаходзяцца на кантролі: па ўводу ў эксплуатацыю жылля, удзельнай вазе  затрат на набыццё машын, абсталявання транспартных сродкаў у агульным аб’ёме інвестыцый у асноўны капітал, сальда знешнега гандлю паслугамі як у цэлым па тэрыторыі, так і без уліку рэспубліканскіх арганізацый.

 Ніжэй адпаведнага мінулагодняга ўзроўню прыцягнута інвестыцый у асноўны капітал усяго па тэрыторыі, у тым ліку па камунальных прадпрыемствах, гаспадарчых таварыствах з доляй дзяржуласнасці, больш 50 %. Сальда знешняга гандлю таварамі ў цэлым па раёне і без рэспубліканскіх арганізацый — нездавальняючае.

 Скарачаецца ўзровень рэнтабельнасці продажаў у прамысловасці. За студзень — жнівень ён склаў «мінус» 1,7% пры заданні 11. Аб якой рэнтабельнасці продажу можна весці размову ў ААТ «Сенненскі льнозавод», калі сабекошт адной тоны вырабленага валакна ўмоўным нумарам 10 абыходзіцца прадпрыемству ў 44,2 тысячы рублёў, пры сярэдняй цане рэалізацыі 26,6 тысячы рублёў. Страты на адной тоне валакна перавышаюць 17,5 тысячы рублёў. А тут яшчэ працягвалі расці цэны на паліўна-энергетычныя рэсурсы, сыравіну і матэрыялы. Гэта і прывяло да росту затрат на вытворчасць прадукцыі ў 2,6 раза.

 За студзень — верасень гэтага  года сельгасарганізацыямі раёна атрымана прадукцыі на 180,4 мільярда рублёў, тэмп росту — 101,1%(заданне 120). Недаатрымана валавай прадукцыі на суму 33,7 мільярда рублёў.

 Рэнтабельнасць продажаў у сельгасарганізацыях склала «мінус» 2,8% пры заданні 10. Асабліва нізкі гэты паказчык у ААТ «Ульянавічы», «Пурплева», «Бяленева», «Літусава», «Белая ліпа», «Сінягорскае», УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава», КУСГП імя Гараўца і некаторых іншых.

 Не навучыліся як след працаваць і гандляваць,  дык нават не можам сабраць тое, што пад нагамі валяецца, маецца на ўвазе  другасная сыравіна. Напрыклад, заданне па зборы паперы і кардону выканана  толькі на 57,8 %. Не жадаем і эканоміць, бо мэтавы паказчык па энергазберажэнні таксама стаў недасягальным, як і па энергаёмістасці.

 У цэлым, народнагаспадарчы комплекс раёна за сту­дзень — жнівень спрацаваў з чыстым прыбыткам 32,0 мільярда рублёў.

 Узрасла сярэднямесячная заработная плата, хаця і застаецца параўнальна невысокай, нават не дасягнула задання. Аднак аксіёмай тут застаецца: лепш працуеш, лепш зарабляеш.

 Па выніках работы за студзень — верасень у бюджэт раёна паступіла 50,1 мільярда рублёў падаткаў, збораў і непадаткавых плацяжоў. Выкананне плана забяспечана па ўсіх даходных крыніцах.

 Не выкананы асноўныя паказчыкі маніторынга бізнэс-планаў развіцця (чысты прыбытак і рэнтабельнасць продажаў): УП «Сенненская ПМС», УП «Сенненская ПМК-64», ААТ «Сенненскі льнозавод».

 Разгледзеўшы вынікі работы народнагаспадарчага комплексу раёна, сенненскі раённы выканаўчы камітэт указаў на недастатковую работу па арганізацыі выканання асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця за студзень — верасень гэтага года намеснікам старшыні, начальнікам аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама па курыруемых галінах.

 Незадавальняючай прызнана работа: дырэктара УП «Сенненская ПМС» С.С.Фарэйтарава па забеспячэнні бясстратнай работы; праўлення райспажыўтаварыства (А.А.Пуцята) па выкананні прагнознага паказчыка па тэмпе росту рознічнага тавараабароту, невыкананне задання па другаснай сыравіне; ААТ «Сенненскі льнозавод» (Б.Б.Уласевіч) за «мінусавую» рэнтабельнасць продажаў, невыкананне аб’ёмаў вытворчасці тавараў-прадстаўнікоў, несвоечасовую аплату за спажытыя энергарэсурсы.

 Нездавальняючай таксама прызнана работа адміністрацыі сенненскага ўнітарнага  прадпрыемства ЖКГ, дырэктара УП «Сяннобудмеліяводгас» В.В.Кошалева, кіраўнікоў ААТ «Пурплева» (В.В.Гвоздзеў), «Кругляны» (С.А. Гаранаў), «Бяленева» (О.А.Мыслявец), «Літусава» (М.Р.Каўрыжэнка), ДП «Саўгас імя Машэрава» (А.В.Марцючэнка).