Вось гэта кірмаш — Сенненскі, наш!

У мінулую суботу ў Сянно прайшоў  восеньскі кірмаш. Свае тавары і прадукцыю пакупнікам прапаноўвалі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і сялянска-фермерскія гаспадаркі раёна, раённае спажывецкае таварыства, установы аддзела адукацыі райвыканкама, камунальнае ўнітарнае прадпрыемства бытавога абслугоўвання «Прэстыж», гандлёвыя прадпрыемствы Віцебска і Оршы і іншыя (усяго 55 удзельнікаў).

Рыхтавацца да гандлю прадаўцы пачалі задоўга да афіцыйна аб’яўленага часу адкрыцця кірмашу. І пакупнікі спяшаліся на цэнтральную плошчу горада з самай раніцы: хто на веласіпедзе, хто з тачкай, а хто і старэнькі «Запарожац» завёў, каб даставіць дадому дары палёў, садоў і агародаў.

Спачатку разважлівыя пакупнікі абходзілі ўсе рады з патрэбным таварам: спраўляліся пра цэны, аглядалі прадукцыю на прадмет якасці, распытвалі прадаўцоў пра харчовыя ўласцівасці і асаблівасці захавання. Цэны на адзін і той жа тавар розніліся, але не занадта, таму куплялі там, дзе прадукцыя больш падабалася па знешнім выглядзе ці спажывецкіх вартасцях.

Асабліва хутка разыходзіліся бульба, капуста, зерне. Вялікія чэргі стаялі да мясных прылаўкаў. У асноўным гэтым таварам  гандлявалі ДП «Саўгас імя Машэрава», УП «Дружбінец», ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» і «Віцебскі мясакамбінат».

Добрым попытам карыстаўся мёд. Гаспадыні Какоўчынскага і Беліцкага «падворкаў» давалі паспытаць гэты лекавы прадукт з блінамі, якіх не паленаваліся напекчы да кірмашу, і ахвотна дзяліліся з пакупнікамі рацэптам іх стварэння. Тлумачылі таксама, як садзіць і даглядаць кветкі, якімі цікавіліся аматары прыгожых агародчыкаў.

Літусаўская школа, акрамя традыцыйных на кірмашы садавіны і агародніны, прапаноўвала пірагі і піражкі з яблыкамі, іншую хатнюю выпечку. Аўтар гэтых радкоў, прыйшоўшы дадому, з задавальненнем паспрабавала сама і пачаставала сям’ю цудоўным пірагом, купленым у літусаўскіх майстрых-кандытараў.

У школ ахвотна куплялі і моркву, цыбулю, іншую агародную «дробязь», бо яна адрознівалася і якасцю, і коштам. А на гандлёвай пляцоўцы Ульянавіцкай школы (якая, дарэчы, была вельмі арыгінальна аформлена), сярод іншай разнастайнасці кірмашовых тавараў, прапаноўвалі нават жывога гуся.

Шмат жадаючых было ку­піць жывую азёрную рыбу, карасёў, карпаў, самоў. Асабліва ўразіў чаргу вялізны сом (напэўна, больш за паўтара метра даўжынёй), якога прадавец ледзь магла ўтрымаць у руках. На гэту цуда-рыбіну адразу знайшлася пакупніца, і за цаной, як кажуць, не пастаяла.

Зацікавіла прыйшоўшых на кірмаш і прадукцыя Багушэўскага КУПБА «Прэстыж», а таксама індывідуальных прадпрымальнікаў, якія прапаноўвалі кветкі і касметыку. Радавалі сенненцаў шырокім выбарам тавараў уласнай вытворчасці віцебскія прадпрыемствы «Смак», «Віцьба», «Віцебскхлебпрам».

Скарыстаўшы момант, рэкламавалі паслугі сваёй установы супрацоўнікі Белаграпрамбанка: цікаўныя малыя маглі сфатаграфавацца з роставай лялькай Агрыкам і атрымаць у падарунак рознакаляровыя флікеры, а дарослым прапаноўвалі рэкламныя лісткі з інфармацыяй аб крэдытах  і іншых паслугах банкаўскай установы.

Па ўсёй плошчы смачна пахла дымком з мангала: гурманы маглі паласавацца шашлыком (цана на яго, праўда, кусалася, але адзін раз, на кірмашы, можна сабе дарагому дазволіць).

…А весялілі ўсю «честную компанию»  самадзейныя артысты Сенненскага і вясковых ДК. Які ж кірмаш без гармоніка ці баяна і добрых песень?!

Калі «торг» у асноўным заканчваўся, адбыўся самы прыемны для прадаўцоў момант — уручэнне лепшым гандлярам падарункаў. Іх шчаслівымі ўладальнікамі сталі: сярод сельгаспрад­прыемстваў — ПП «Дружбінец», ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» і «Сінягорскае»; сярод сялянскіх фермерскіх гаспадарак — СФГ «Авік»; сярод устаноў адукацыі — Літусаўская і Ульянавіцкая школы, СШ №2 г.Сянно і Сенненская школа-інтэрнат; сярод гандлёвых прадпрыемстваў  — Сенненскае райспажыўтаварыства; сярод запрошаных гандлёвых прадпрыемстваў — ААТ «Малако» і вытворчы цэх «Сенненскі» ААТ «Аршанскі малочны камбінат»; сярод падворкаў — Ходцаўскі і Нямойтаўскі; сярод прамысловых прадпрыемстваў — КУПБА «Прэстыж».

Агульная выручка ўсіх удзельнікаў кірмашу, як паведамілі ў аддзеле эканомікі райвыканкама, склала 190 мільёнаў рублёў.

Таццяна Буракова.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *