Пісьмо ў рэдакцыю. Амаль чэхаўскі сюжэт

Гадоў пяць назад, памятаю, затэмпературыў мой трохмесячны ўнучак. Спуджаная нявестка хуценька набрала нумар мясцовай Машканскай бальніцы і літаральна праз дзесяць хвілін пад’ехаў “рафік” хуткай дапамогі.

 Дужа гожы юнак у белым халаце выскачыў з машыны, узбег на ганак, бо зіма, і холад дурны быў. Крышачку сагрэўшыся, каб не намарозіць майго ўнука, упэўнена распеленаў хлопчыка, агледзеў, абследваў, спрактыкавана запеленаў і з замілаваннем падаў немаўлятку на рукі маці, даўшы ёй слушныя парады і назначэнні.

 — Які цудоўны педыятр, — адзначыла я сама сабе.

 Праз якія тыдні два, калі гіпатанія схапіла мяне сваімі злымі ўчэпістымі рукамі і я мусіла звярнуцца зноў жа да яго, галоўнага ўрача Машканскай бальніцы Аляксандра Аляксандравіча Багіно, здзіўленню майму не было канца:

 — Дык ён жа і герыятр адменны!

 Падзялілася гэтай думкай з суседкай, на што Галіна Іосіфаўна запярэчыла:

 — Глупства! Кардыёлаг ён! У каго хочаш спытай!

 І высветлілі мы, што Аляксандр Аляксандравіч і акуліст добры, і траўматолаг. Наогул, як сапраўдны земскі доктар-лекар, некалі выведзены ў сваіх творах Антонам Паўлавічам Чэхавым, ён мае з чэхаўскімі лекарамі шмат агульнага. Адны ўрачы скончаць прыём, скінуць халат і рукі ад службовых турбот абтрасуць. А іншыя, як А.А.Багіно, і пасля прыёму хвалююцца-турбуюцца, а ці не пашкодзіць яго назначэнне алергіі Сідаравай, ці дапамог  ён Іванову з яго страўнікавай немаччу…

 Пацыенты вельмі вераць не толькі ў медыцынскую кваліфікаванасць свайго доктара, але і ў яго чалавечыя якасці. Даверліва дзеляцца з ім сваімі праблемамі. Чула раз, як дзве жанчыны настойліва хацелі дапытацца ў Аляксандра Аляксандравіча, чаму так імкліва растуць цэны на лякарствы, і ён не адмахнуўся, штосьці тлумачыў ім, раіў фітатэрапію праводзіць, пра лекавыя травы казаў-навучаў.

 Імя нашага доктара значыцца ў афіцыйна названым шэрагу лепшых людзей вобласці, а фотапартрэт заслужана красуецца на Дошцы гонару на цэнтральнай плошчы райцэнтра. Аляксандр Аляксандравіч — прызнаны адным з

лідэраў і кіраўнікоў маладзёжнага руху Сенненшчыны. Канешне, яму, медыку, вельмі блізкія клопаты моладзі і ў плане спорту, культуры, здароўя. Не ў завоблачныя высі накіравана яго прафесійная і грамадская дзейнасць, а прыземлена яна, прыбліжана да ўсіх сваіх пацыентаў. Жыццё яго — сапраўдны чэхаўскі сюжэт.

 Людміла Працэнка.