Лепшыя старэйшыны Сенненшчыны

Даведка. Першы інстытут старэйшын вёсак з’явіў­ся на Віцебшчыне ў 1996 годзе ў Дубровенскім раёне. Ініцыятарамі яго былі  раённы Савет дэпутатаў і раённы выканаўчы камітэт.

Сістэма органаў грамадскага тэрытарыяльнага самакіравання існуе і ў нашым раёне: у населеных пунктах выбраны 204 старэйшыны. У сваёй большасці гэта людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, неабыякавыя да сваіх спраў, спраў вяскоўцаў, да тых жыццёваважных праблем, што існуюць у вёсках, на тэрыторыях тых сельсаветаў, дзе яны жывуць. Напрыклад, вёска Заветнае (Багушэўскі сельсавет), дзе старэйшынай рупіцца Ганна Янукова, нязменна з’яўляецца пераможцай конкурсу па добраўпарадкаванні. Пры яе непасрэдным удзеле рэгулярна арганізуецца абкошванне населенага пункта, пляжа, зроблены рамонт калодзежа.

Ганна Уладзіміраўна вядзе збор падаткаў, прафілактычную работу па папярэджанні п’янства і алкагалізму, з’яўляецца членам савета грамадскага пункта аховы парадку. Нягледзячы на пенсі­йны ўзрост, удзельнічае ў фальклорным калектыве Рыбненскага сельскага клуба.

Соф’я Шарановіч — старэйшына вёскі Сукрэмна. Пры яе непасрэдным удзеле вырашаліся праблемы грамадзян: А.Н Осіпава (выдзяленне жылля), П.В. Маісеенка (рамонт водаразборнай калонкі), Соф’я Паўлаўна арганізавала збор сродкаў на афарбоўку водаправодных калонак. За кошт сродкаў самаабкладання разам з Нямойтаўскім сельскім Саветам агароджаны грамадзянскія могілкі.

На тэрыторыі Какоўчынскага сельсавета старэйшынай вёскі Бяленева абрана  Валянціна Дзям’янаўна Мазянькова. Па яе ініцыятыве добраўпарадкаваны грама­дзяснкія могілкі. Высечана кустоўе, спілены аварыйныя дрэвы, вывезены бытавыя адходы. Яна заўсёды кантралюе работу вулічнага асвятлення, нарыхтоўку дроў для састарэлых адзінокіх грамадзян, уборку зерневых сотак вяскоўцаў, аказвае   дапамогу ў зборы падаткаў.

На добрым рахунку работа старэйшын вёсак: Дубаўцы, Стрыгі — Людмілы Іванаўны Ільючэнка; Ярошкі — Аляксея Аляксеевіча Мінёнка; Канстантова — Віктара Уладзіміравіча Латышава; аграгарадка Янова — Раісы Леанідаўны Шаўкун; вёсак Кічына і Навасёлкі — Валянціны  Сцяпанаўны Шпак; Падворыцы — Валянціны Мікалаеўны Мельнікавай і іншых, якія з душой і вялікай адказнасцю ставяцца да грамадскага даручэння.

Аналіз дзейнасці органаў тэрытарыяльнага самакіравання сведчыць аб тым, што людзі, пражываючыя ў населеных пунктах, дзе актыўна працуюць старэйшыны, часцей за ўсё са сваімі праблемамі ідуць да іх і толькі пры самай вострай неабходнасці — ужо да мясцовай улады.