На Сенненшчыне прайшоў рэспубліканскі семінар-нарада з удзелам Міністра сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Леаніда Зайца

10 кастрычніка, Сенненшчына прымала высокіх гасцей.Наш раён быў абраны пляцоўкай для правядзення рэспубліканскага семінара-нарады. Яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, вядучыя навукоўцы ў галіне жывёлагадоўлі, у тым ліку Нацыянальнай акадэміі навук, Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, прадстаўнікі прадпрыемстваў-вытворцаў лекавых прэпаратаў ветэрынарнай медыцыны, а таксама старшыні і намеснікі старшынь камітэтаў па сельскай гаспадарцы і  харчаванні, якія курыруюць пытанні жывёлагадоўлі, начальнікі аддзелаў (упраўленняў) ветэрынарыі камітэтаў па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкамаў. Узначаліў семінар-нараду Міністр сельскай гаспадаркі  і харчавання Рэспублікі Беларусь Леанід Заяц.

Асаблівая ўвага надавалася пытанням  павышэння захаванасці буйной рагатай жывёлы, эфектыўнасці ўзнаў­лення грамадскага статка, прымаемым мерам па паляпшэнні якасці малака. Як вырашаюцца яны на практыцы ў Сенненскім раёне, удзельнікі семінара маглі пазнаёміцца падчас наведвання малочна-таварнай фермы «530 н.п. Масоры» ДП «Саўгас імя Машэрава». На базе вядучага ў раёне комплексу вучоныя Віцебскай ветакадэміі правялі майстар-класы па прафілактыцы і лячэнні артапедычных захворванняў у кароў. Таксама да ўвагі спецыялістаў жывёлагадоўчай сферы была прадстаўлена выстава апошніх распрацовак у ветэрынарнай медыцыне буйнейшых айчынных вытворцаў лекавых прэпаратаў ААТ «Белзооветснабпром» і УП «Віцебская біяфабрыка».

Падрабязна пытанні работы жывёлагадоўчай галіны за 9 месяцаў 2012 года і прымаемых мерах па павелічэнні прадукцыі жывёлагадоўлі і павышэнні яе якасці, прафілактыцы захворванняў буйной рагатай жывёлы, падрыхтоўцы  жывёлагадоўчых фермаў да ўтрымання жывёлы ў зімова-стойлавы перыяд былі разгледжаны на пленарным пасяджэнні, што прайшло ў вялікай зале раённага выканаўчага камітэта.

Вольга Бандарэвіч.

НА ЗДЫМКУ (злева направа): старшыня райвыканкама В.У. Цапота, генеральны дырэктар РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па жывёлагадоўлі» М.А. Папкоў, дырэктар Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарчу В.П. Жукаў, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Л.К. Заяц.

P.S. Больш падрабязна аб праблемах, што ўздымаліся на рэспубліканскім семінары-нарадзе, чытайце ў блі­жэйшых нумарах.