Любоў мацярынская — наш абярэг
З усіх вядомых мне прытчаў наймудрэйшай і суперправільнай лічу тую, як нёс юнак па загадзе жорсткай прыгажуні плату за каханне — сэрца роднай маці, зачапіўся за парог і ўпаў, а сэрца матуліна ў трывозе клапатліва-спалохана запыталася:
— Ты не пабіўся сынок? Табе не балюча?
Страшна, праўда?.. А што граха таіць, нешта падобнае, на жаль, нярэдка яшчэ даводзіцца назіраць. Вось адна мая знаёмая песціла-гадавала сыноў, а папрасіла назапасіць ёй, нямоглай, дроў на зіму і пачула ў адказ:
— Пенсія ў цябе, наймі людзей.
А пенсіі той на лякарствы ды на аплату паслуг суседзяў, тыпу трэсачак насячы на падтопу, вакол ганка бур’ян абкасіць, зімой снег разгрэсці, ледзь хапае. На заўвагу ўчастковага інспектара РАУС, маўляў, хіба вы маці не любіце, сыны здзівіліся:
— А за што яе любіць? Сапраўдныя маці машыны, кватэры шыкоўныя дзецям дораць, а яна што нам дала? Па веласіпеду?
Мурашкі па целе забегалі, калі пачула такое. За што любіць маці? Ды за тое, што яна ў нас адзіная, богам дадзеная. Асабіста я нікога другога не магла словам гэтым назваць, нават свякроў. А вось ведаю адну маладую жанчынку, якая вельмі лёгка-свабодна аперыруе гэтым тэрмінам. Чатыры мужы ў яе былі, чатыры свякроўкі. І ўсіх матулечкамі-раднюлечкамі клікала. А нядаўна мамкай стала называць старэйшую па ўзросце сабутэльніцу. Не тое, што дзікавата, але неяк непрыемна ўспрымала я гэта.
— У мяне свая сям’я, пра пажылых людзей цяпер дзяржава вельмі клапоціцца. Вунь як іх ва ўсіх арганізацыях віншуюць у Дзень пажылых людзей. І наша маці хадзіла па запрашэнні на «Агеньчык» з пачастункамі. А мне пра дзетак сваіх маленькіх клопат.
Падумалася: а што, калі гэтыя дзеткі вашы, апранутыя ў імпартныя касцюмчыкі, маючыя ўсё, што толькі можа быць, калі-небудзь самі гэтак жа да вашай старасці аднясуцца?..
А наогул усім нам добра вядома ісціна: самае лепшае плацце — маці, самыя лепшыя кветкі — маці, самыя лепшыя словы — маці. Вось мы і гаворым у святочны гэты дзень:
— Букет вам з зорак, дарагія нашы матулі!
Людміла Працэнка.