Да 130-годдзя Багушэўска: Рэут, Гозін — былі нават яны
Даўно не было так шматлюдна ў Багушэўску, як у мінулую суботу, калі папрыгажэўшы гарадскі пасёлак афіцыйна адзначыў сваё 130-годдзе з дня заснавання. Да жыхароў, якія жывуць тут стала, па запрашэнні мясцовых улад, а больш па клічу сэрца, далучыліся іх землякі з усіх куткоў Беларусі і, нават, іншаземцы. А яшчэ тыя, хто некалі ў Багушэўску жыў і працаваў, каму ўспаміны пра яго грэюць сэрца да гэтага часу і, зразумела, прадстаўнікі абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў.
Святочныя мерапрыемствы пачаліся ў Доме культуры. На сцэне сваёй галоўнай установы культуры багушэўцы наладзілі экскурс у гісторыю мястэчка, успомнілі землякоў, якія пакінулі прыкметны след у жыцці гарадскога пасёлка, у тым ліку, яго заснавальнікаў Забароўскага, Рэута, Гозіна, Багушэўскіх, дзякуючы якім гарадскі пасёлак атрымаў сваю назву.
Багушэўск прыкметна змяніўся да юбілею. Мяркуйце самі. Пасля рамонту адкрылася паліклініка, з’явілася новая гандлёвая кропка — кафэ-магазін “Жытніца” Віцебскага КХП. Новы, больш прывабны выгляд набыла крама “Радуга”, дзе гандаль вядзецца па сістэме самаабслугоўвання, кафэ “Родны кут”. гэта далёка не поўны пералік зробленага..
Багушэўцы мелі магчымасць пабываць на шматлікіх сцэнічных пляцоўках, раскіданых па ўсім пасёлку. На іх можна было наталіць як матэрыяльныя, так і духоўныя патрэбы. Музыка, гульні, конкурсы, танцы толькі дапамагалі засваенню розных страў. Свята доўжылася да раніцы.
Больш падрабязна пра святкаванне 130-годдзя Багушэўска — у наступным нумары нашай газеты.