ТУШЭ, УТРЫМАННІ І КІДКІ ПРАЗ… СЯБРОЎСКАЕ АДЗІНАБОРСТВА

Адбыўся 14-ты адкрыты Рэспубліканскі турнір па грэка-рымскай барацьбе памяці Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай працы, ураджэнца Сенненшчыны П.М.Машэрава. 8 каманд з СДЮШАР краіны прыехалі на спаборніцтвы ў спартыўную залу сенненскай школы №1. Турнір доўжыўся два дні…

Да ўрачыстага адкрыцця спаборніцтваў прайшлі рэгістрацыя ўдзельнікаў, пасяджэнне судзейскай калегіі, узважванне, папярэднія паядынкі ва ўсіх вагавых катэгорыях. Адкрыла турнір Вольга Вераценнікава, ін­структар па фітнэсу і трэнер па лёгкай атлетыцы Сенненскай СДЮШАР, якая прывітала ўсіх гасцей. Не пакінуў без увагі спаборніцтвы і старшыня райвыканкама Віктар Цапота, які павіншаваў маленькіх спартсменаў з іх дасягнутымі поспехамі, пажадаў ім і надалей займацца спортам, успомніў вядомых спартсменаў, майстроў спорту — ураджэнцаў Сенненшчыны. Слова мелі і прадстаўнікі грамадскасці, і госці турніру. Падбадзёрыла 108 удзель­нікаў адзінаборства сваёй прывітальнай праграмай дзіцячая група па лёгкай атлетыцы Сенненскай СДЮШАР.

Грэка-рымская барацьба — гэта адзінаборства двух спартсменаў. Барацьба, дзе пры дапамозе вызначанага арсенала тэхнічных прыёмаў спартсмен павінен вывесці саперніка з раўнавагі і прыціснуць лапаткамі да спецыяльнага дывана (тушэ). Праз розныя прыёмы, кідкі, утрыманні, якія прымяняюцца не ніжэй пояса і выконваюцца пры сутычцы, барцы набіраюць вызначаную колькасць ачкоў, якія прысуджае рэферы на дыване, а галоўны суддзя павінен згадзіцца з яго рашэннем перад тым, як ачкі будуць залічаны.

Паядынкі праходзілі ў залежнасці ад узросту і вагавай катэгорыі. 28 юных сенненскіх спартсменаў выступілі з неблагімі рэзультатамі. У вагавай катэгорыі 32 кг першае месца за Ула­дзіславам Стрыжнёвым, другое —  Уладзіславам Бераставым, трэцяе месца раздзялілі Арцём Шыцікаў і Глеб Камароў. Парадавалі хлопцы вагавай катэгорыі 42 кг. Першае месца ў Кірыла Міхалапа, другое — Дзяніса Інаятава, таксама раздзялілі трэцяе месца Уладзімір Латышаў і Павел Мазанаў. У вагавай катэгорыі 53 кг другое месца ў Аляксандра Гарбачова, 59 кг трэцяе — у Уладзіслава Грыгарана. У другой узроставай групе ў вагавай катэгорыі 59 кг першае месца за Юрыем Лагуновым, другое — у Арка­дзя Ляшкова, трэцяе — Паўла Купрэенкі.  У вагавай катэгорыі 76 кг у нас толькі трэцяе месца ў Мікіты Котава. А вось у вагавай катэгорыі 100 кг перамог адзі­нага саперніка Захар Лапеха, у якога першае месца.

Ірына ГАРБАЧОВА.

НА ЗДЫМКАХ: удзельнікаў турніру віншуе Віктар Цапота, старшыня райвыканкама; моманты схватак.