Выбары на Сенненшчыне адбыліся

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання адбыліся. Гэта стала зразумела яшчэ да закрыцця выбарчых участкаў. Па даных на 18.00 23 верасня ўдзел у галасаванні па краіне прыняло 65,9 % выбаршчыкаў. На 20.00 колькасць прагаласаваўшых вырасла да 74,2 %. На Віцебшчыне ўдзел у галасаванні прыняло 80,7 % выбаршчыкаў.

Як паведаміла Лідзія Ярмошына, старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі, не выбраны толькі адзін дэпутат – па Навабеліцкай выбарчай акрузе, што ў Гомелі. Выбары там адбыліся, дадала яна, “аднак яны былі безальтэрнатыўнымі, і ў выніку за кандыдата не прагаласавала абсалютная большасць выбаршчыкаў”. Тым не менш, выбраны паўнамоцны парламент у складзе 109 дэпутатаў.

Лідзія Ярмошына паведаміла таксама, што ў перыяд з 18 па 23 верасня ў ЦВК паступіла 110 скаргаў: 36 – канфлікты назіральнікаў з выбарчымі камісіямі; 1 – паводзіны членаў выбарчай камісіі; 6 – недахопы пры апячатванні і захоўванні скрыняў датэрміновага галасавання; 7 – пытанні, якія маюць дачыненне да правядзення перадвыбарчай агітацыі; 10 – пытанні ў сувязі з недакладнасцю ў спісах выбаршчыкаў; 39 – іншыя пытанні па выбарах; 11 – пытанні, якія не маюць дачынення да арганізацыі і правядзення выбараў.

Выбары на Сенненшчыне

Сенненскую выбарчую акругу № 30 склалі Сенненскі, Талачынскі, Лёзненскі і два сельсаветы Віцебскага раёна. Кандыдатамі ў дэпутаты былі зарэгістраваны дзве асобы.

У Сенненскім раёне было створана 29 выбарчых участкаў. Самыя буйныя з іх у райцэнтры, Багушэўску і Машканах, дзе колькасць выбаршчыкаў перавышала 1000 чалавек. На выбарчым участку ў Студзёнцы права на ўдзел у выбарах мелі 368 чалавек, жыхары 15 населеных пунктаў. Датэрмінова прагаласавала 20 % выбаршчыкаў (73 асобы). На раніцу 23 верасня з заявамі аб галасаванні на даму звярнулася 33 выбаршчыкі.

У склад камісіі, якая працавала на ўчастку, увайшло 9 чалавек. Было зарэгістравана 5 наглядальнікаў. І члены камісіі, і наглядальнікі прадстаўлялі не толькі працоўныя калектывы, але і грамадскія аб’яднанні, арганізацыі.

Большасць членаў камісіі на выбарах працуюць не першы раз, добра арыентуюцца ў выбарчым заканадаўстве. Аднаму з выбаршчыкаў адмовілі ва ўдзеле ў галасаванні на той падставе, што жыхар Студзёнкі не з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. “Але ж я раней удзельнічаў у галасаванні”, — паспрабаваў ён апеліраваць да старшыні камісіі. “У вас ёсць права ўдзельнічаць у выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы, але не ў Парламент”, — аргументаваў адмову Уладзімір Касьянаў.

Асаблівую ўвагу члены камісіі звярталі на маладых выбаршчыкаў. Кожнага з іх віншавалі з першым у жыцці ўдзелам у выбарах, уручалі кветкі.

Нямойтаўскі выбарчы ўчастак таксама досыць вялікі (808 выбаршчыкаў). Каб людзі маглі прыняць удзел у галасаванні, быў арганізаваны іх падвоз. Вяскоўцы сталага веку мелі магчымасць прагаласаваць па месцы жыхарства. З членаў участковай камісіі было створана тры групы, якія выязджалі да выбаршчыкаў на дом.

У раёне працавала некалькі груп міжнародных наглядальнікаў. Яны прадстаўлялі місіі ад краін СНД і БДІПЧ АБСЕ. Нашы суседзі з усходу і захаду пабывалі на большасці выбарчых участкаў, назіралі за ходам галасавання на яго розных стадыях, за падлікам галасоў, прысутнічалі пры прыёме акруговай камісіяй участковых пратаколаў галасавання.

Віктар Зайцаў, назіральнік ад СНД, быў акрэдытаваны на Студзёнкаўскім выбарчым участку, прысутнічаў пры падліку галасоў. Дарэчы, у Студзёнцы пабывалі і назіральнікі ад АБСЕ. Яны мелі зносіны з членамі камісіі, калегамі, што вялі назіранне за ходам галасавання па даручэнні сваіх працоўных калектываў і беларускіх грамадскіх арганізацый, выбаршчыкамі. Сярод самых моцных ураджанняў: размова на англійскай мове з адным з назіральнікаў, добрая арганізацыя выбараў, высокая яўка выбаршчыкаў і даступнасць любой інфармацыі. Высокую ацэнку арганізацыі выбараў у Сенненскім раёне даў і Віктар Зайцаў. Грамадзяніна Расіі, жыхара Смаленска, які працуе ў рэгіянальнай гандлёва-прамысловай палаце, уразілі палеткі і фермы беларускіх сельгасвытворцаў, дагледжанасць нашых населеных пунктаў, у прыватнасці, прышкольная тэрыторыя Студзёнкаўскай сярэдняй школы.

Удзел у выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прынялі 17846 сенненцаў. Па папярэдніх даных дэпутатам парламента стаў Аляксандр Папкоў — свае галасы за яго аддало 70,9 % выбаршчыкаў.