Бліжэй да людзей
— Сфера культуры на тэрыторыі раёна прадстаўлена 54 установамі, дзейнасць якіх накіравана на развіццё мастацкай самадзейнасці, народнай творчасці, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, арганізацыю вольнага часу розных катэгорый грамадзян, на ўмацаванне ўласнай матэрыяльна-культурнай базы.
Для абслугоўвання аддаленых населеных пунктаў выкарыстоўваецца спецыялізаваны аўтатранспарт, — расказвае начальнік аддзела культуры райвыканкама Ларыса Новікава.
— Праўда ці не, што сёння тэлебачанне, камп’ютэры перамясцілі кіно, якое не так даўно было прызнана самым масавым мастацтвам, на задні план, знізілі ролю сельскіх ачагоў культуры?
— Праблема з пракатам кінастужак сапраўды існуе. Ды і работнікам клуб, бібліятэк усё складаней шукаць новыя формы работы, але пры набліжэнні сваёй дзейнасці да людзей, установы культуры застаюцца запатрабаванымі. Вось прыклады. Выезд на раён перасоўнай відэаўстаноўкі абыходзіцца прадпрыемству ў сярэднім 330 тысяч рублёў. Пры гэтым на сеансе можа прысутнічаць 5-10чалавек (выручка 7,5-15 тысяч рублёў). І гэта ў такіх населеных пунктах, як гарадскі пасёлак Багушэўск, аграгарадкі Ходцы, Нямойта, Студзёнка, Машканы. Надараецца і так, што ў некаторых вёсках (Сінягорская, Рулёўшчына, Кругляны і інш.) з-за адсутнасці гледачоў сеанс увогуле даводзіцца адмяняць. Таму практыкуем дэманстрацыі фільмаў па папярэдняй дамоўленасці, у асноўным са школамі, дзе наведвальнасць вышэйшая, чым на вячэрніх сеансах у клубах. Школам прапануем кінакарціны па экалагічным і патрыятычным выхаванні, маральна-прававой тэматыцы, асновах бяспекі жыццядзейнасці, прафілактыцы шкодных звычак. Такі “рэпертуар”, праўда, часам не задавальняе школьнікаў старэйшых класаў.
Магчыма, недапрацоўваем у плане рэкламы, тэматыцы відэафільмаў. Прапануем тое, што нам прапануе пракат. Нярэдка – гэта старыя фільмы, якія не раз “круціліся” па тэлебачанні.
— Ларыса Яўгенаўна, якая сёння накіраванасць у дзейнасці бібліятэк раёна?
— У першую чаргу стараемся папулярызавать і прапагандаваць лепшыя творы беларускай і замежнай літаратуры, пашыраць кола чытачоў (дзяцей, моладзі, сем’і), арганізоўваць тэматычныя кніжныя выставы.
На працягу апошніх гадоў традыцыйнымі сталі акцыі: “Падары бібліятэцы кнігу”, “Чытаю я. Чытаюць усе мае сябры. Чытай і ты”. Пад час гэтых акцый бібліятэкары сістэмы наведваюць арганізацыі, школы, установы. У выніку – папоўніўся бібліятэчны фонд, дадаткова абанентамі нашай бібліятэчнай сістэмы сталі 236 чалавек. Толькі за летні перыяд у г.п. Багушэўск колькасць чытачоў узрасла больш як на сто чалавек.
Асаблівую актыўнасць у гэтым плане праяўляюць работнікі Машканскай, Студзёнкаўскай, Багушэўскай, Полыменскай, Сінягорскай, Ходцаўскай бібліятэк.
— Некалькі вышэй вы, Ларыса Яўгенаўна, сказалі, што больш эфектыўна працуюць тыя ачагі культуры, якія набліжаюць сваю дзейнасць да людзей. Як гэта выглядае на самой справе?
— Пры Сенненскай цэнтральнай раённай бібліятэцы ўжо шэсць гадоў працуе бібліятэчны аўтобус. Яго функцыя – дастаўка літаратуры насельніцтву, якое пражывае ў аддаленых населеных пунктах і не мае стацыянарных бібліятэк. З дапамогай бібліобуса дастаўляюцца кнігі, іншая друкаваная прадукцыя непасрэдна па месцы жыхарства або работы, аказываюцца інфармацыйныя паслугі, праводзяцца культурна-асветніцкія мерапрыемствы. У гэтым годзе праведзены інфармацыйныя гадзіны, прысвечаныя Году кнігі і беларускім пісьменнікам Якубу Коласу, Янку Купалу і Максіму Танку.
Не далей як у канцы жніўня ў самай чытаючай вёсцы раёна Бяленева адбылося свята ўшанавання лепшых чытачоў. Вяскоўцам быў дадзены канцэрт. Сваімі песнямі радавалі жыхароў работнікі бібліятэкі і раённага Дома культуры, былі арганізаваны розныя конкурсы і гульні.
Работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі ў час уборачнай кампаніі “Ураджай-2012” наведвалі палявыя станы, мехдвары, збожжатакі і майстэрні ў вёсках Сінягорская, Студзёнка, Янова, Забараўе, Какоўчына, Латыгаль, Оўсішча, Рулёўшчына, Полымя, Відокі, Белая Ліпа, Ходцы, Нямойта, Ульянавічы, Ског, Песачанка, Кічына, Міцюкова, Пурплева, Рай, Малы Азярэцк, Леснікі, Багданава, Малішы з інфармацыяй аб ходзе жніва ў рэспубліцы, вобласці, раёне, а таксама з аглядамі літаратуры, творчасці пісьменнікаў-юбіляраў, якія пералічаны вышэй.
Для больш эфектыўнай работы бібліятэчнага аўтобуса распрацаваны маршруты, у якія ўключаны найбольш чытаючыя вёскі: Бяленева, Ледневічы, Пасад, Забараўе, Варашылы, Леснікова, Шынкава, Алёхнава, Зямковічы, Леснікі, Пурплева. Такім чынам за восем месяцаў перасоўную бібліятэку наведалі 1062 чалавекі, запісана 424 новыя чытачы. Агульная кнігавыдача склала 5337 экземпляраў.
Вывучаем густы чытачоў. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца прыгодніцкія, фантастычныя раманы, раманы пра каханне, дэтэктыўныя, а таксама часопісы “Хозяин”, “Приусадебное хозяйство”, “Урожайные сотки”, “Цветок”, “Крестьянка”, “Караван историй” і іншыя, газеты: “Комсомольская правда”, “Народный доктор”, “Домашняя газета”.
Адкрыццё філарманічных пляцовак дазваляе напоўніць работу сельскіх устаноў культуры новым зместам. Аднак яшчэ мала працуем з патэнцыяльным сельскіх гледачом, а іншы раз і выступленні філарманістаў не задавальняюць гледача, якія думаюць, што ў вёску можна “падсунуць” усё, што заўгодна.
Народныя святы і абрады трывала ўвайшлі ў практыку работы клубных устаноў. Сярод іх: “Каляды”, “Масленіца”, “Гуканне вясны”,”Вялікдзень”, “Юр’е”, “Купалле”, “Зажынкі”, “Дажынкі”, і г.д. Аднак нішто так не збліжае людзей і работнікаў культуры як святы вёсак, бо ладзяцца яны сумесна з вяскоўцамі і выклікаюць непадробны інтарэс. На падобных мерапрыемствах нярэдка жыхары вёсак даведваюцца аб тым, што не ведалі адзін пра аднаго, жывучы дзясяткамі гадоў праз мяжу.
— Няўжо і праблем аніякіх?
— Праблемы існуюць як і ў іншых сферах дзейнасці.
Аб некаторых я штрыхамі прыгадвала ўжо. Але самыя вялікія беды – нізкі ўзровень заработнай платы і цякучасць кадраў з-за адсутнасці жылля ў маладых спецыялістаў.
Пытанні задаваў
Міхаіл БЯЛОЎ.