На бітым шкле не зэканоміш?

У Сянно з’явіліся новыя кантэйнеры. Прызначаны яны для бітых  і нестандартных (так званых непрыёмных) бутэлек. Гэтыя блакітныя скрыні стаяць ля нарыхтоўчага ларка на вуліцы Чырвоная Слабада, каля ларка “Шклотара” на Галынцы і побач з цэхам безалкагольных напіткаў.

Як растлумачыў начальнік аддзела нарыхтовак Сенненскага райспажыўтаварыства Віктар Печанькоў, кантэйнеры размясцілі ў месцах, дзе бітая і нестандартная тара з’яўляецца найбольш часта і ў значнай колькасці.

Але ў любую добрую справу ўносіць свае карэктывы “чалавечы фактар”. Жыхары горада ўпарта не жадаюць выкарыстоўваць ёмістасці па прызначэнні, з абурэннем зазначыў Віктар Печанькоў. Хаця кантэйнеры маюць адпаведныя надпісы і адтуліны для бутэлек. Недысцыплінаваны абывацель умудраецца зняць накрыўку са скрыні і выкінуць туды ўсялякія бытавыя адходы. Хто ж пасля такіх нядобрасумленных карыстальнікаў павінен перабіраць смецце, каб шклобой трапіў на перапрацоўку ў належным стане?

Таццяна Буракова.