Гімн кнізе

22 верасня на цэнтральнай плошчы адбудзецца раённае свята, прысвечанае Году кнігі. Пачатак у 10 гадзін.

Праграма свята абяцае быць цікавай і разнастайнай. Вашай увазе будуць прадстаўлены  кніжныя выставы як сучаснай літаратуры, так і рэтра-кнігі. Вы атрымаеце эстэтычную асалоду, наведаўшы выставы кветкавых кампазіцый, падзелак з прыроднага матэрыялу. Будзе арганізавана выстава-продаж кніжнай і сувенірнай прадукцыі.

За добрым настроем, падарункамі і прызамі прыходзьце на пляцоўкі “Забаўляльны калейдаскоп” (для дарослых), “Букварынск” (для дзяцей), на конкурс юных чытальнікаў. Таксама запрашаем прыняць удзел у конкурсе на самую маленькую, вялікую, старадаўнюю кнігу.

Вы атрымаеце незабыўнае ўражанне ад урачыстага шэсця “Парад кніг”, шоу-асарці казачных герояў, музычнай кампазіцыі “Квітней, мой родны край”. На свяце будзе нават чароўнае “Дрэва жаданняў”, асвечанае ў царкве.

Народны тэатр Багушэўскага ГДК прадэманструе ўрывак з п’есы А.Аверчанкі “Важны госць”, народны лялечны тэатр кнігі “Пятрушка” Сенненскай дзіцячай бібліятэкі  — спекталь “Машанька і Мядзведзь”.

У школе мастацтваў у 11 гадзін пройдзе сустрэча з паэтам-песеннікам Б.Акуліным. У відэасалоне вы зможаце паглядзець кінафільм па раману У.Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”,  пачатак у 12 гадзін.

Свае пляцоўкі прадставяць раённая газета “Голас Сенненшчыны”, БРСМ, ТЦСАН.