Ураджай у 40 цэнтнераў з гектара

Разам  спецыялісты агранамічнай службы раёна і галоўныя аграномы сельгасарганізацый збіраюцца рэдка. Звычайна гэта здараецца напярэдадні важных палявых работ, калі трэба абмяркаваць нейкія агульныя вытворчыя праблемы, даведацца аб навейшых распрацоўках вучоных-аграрнікаў.

 Апошняя нарада-семінар прайшла ў ААТ «Студзёнка» і была прысвечана завяршэнню ўборачных работ і пачатку сяўбы азімых культур. Падсумоўваючы вынікі жніва, Антаніна Сунцеева, начальнік аддзела вытворчасці і збыту райсельгасхарчу, з сумам канстатавала, што страт у час уборкі пазбегнуць не ўдалося і сёлета.  Яшчэ больш яе турбаваў той факт, што не ўсе гаспадаркі маюць планавую засыпку насення, не ўсюды вядзецца ачыстка і пратручванне пасяўнога матэрыялу азімых культур.

 — Тым самым мы ставім пад пагрозу зрыву тэрміны сяўбы, парушаючы ў самым пачатку тэхналагічны ланцуг. Не дапусціць гэтага — справа гонару кожнага агранома, — запатрабавала яна.

 Больш падрабязна аб патрабаваннях да насеннага фонду, аб сітуацыі ў кожнай асобнай гаспадарцы гаварыў Алег Кісель, начальнік раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. Ён заклікаў калег шукаць і набываць насенне эліты самастойна, за межамі раёна. На яго думку, таго элітнага насення, што вы­дзяляецца гаспадаркам праз ВДМС яўна недастаткова, каб у наступным годзе разлічваць на  дастойны ўраджай і мець уласнае насенне.

 Абмяркоўваючы тэму апрацоўкі насення, спецыялісты інспекцыі рэкамендавалі выкарыстоўваць 2-3 кампанентныя ядахімікаты.

 — Яны хоць і даражэйшыя, але ў рэшце-рэшт акупяцца, — запэўніваў Алег Кісель.

 А тым часам, на момант правядзення нарады, у ААТ «Пурплева»  ўвогуле не мелі ніякіх пратручвальнікаў, у асобных гаспадарках выкарыстоўвалі тыя, што заста­л­і­ся ад веснавой сяўбы.

 Дарэчы, як арганізавана пратручванне насення ў ААТ «Студзёнка», удзельнікі семі­нара-нарады ўбачылі на ўласныя вочы. Пры гэтым работа вядзецца ў поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі правілаў аховы працы: работнікі забяспечаны сродкамі аховы, прайшлі медагляд, атрымліваюць даплаты за шкодныя ўмовы працы.

 Ірына Пракаповіч, галоўны аграхімік па Сенненскім раёне, напомніла тэхнолагам палёў аб неабходнасці ўнясення ў глебу яшчэ да пачатку ворыва фосфарных і калійных угнаенняў, што дапаможа пасевам азімых культур перанесці зіму. Пры гэтым норма ўнясення павінна адпавядаць ураджайнасці не менш як 40 цэнтнераў з гектара.

 Завяршыўся семінар на полі, дзе вялася сяўба азімай пшаніцы. Апрацоўка глебы была праведзена па дыяганалі да напрамку ворыва. Таму поле, дзе вырошчваўся рапс, выглядала ідэальна роўным.

 — Прыкладна так павінна выглядаць кожнае поле, дзе сёння працуе пасяўны агрэгат. Толькі тады мы можам разлічваць на запланаваны ўраджай, на такі аб’ём зерня, якога б хапіла не толькі на выкананне дзяржаўнага заказу, але і на забеспячэнне ў поўным аб’ёме жывёлагадоўлі фуражом, — канкрэтызавала  Антаніна Сунцеева патрабаванне раённай улады да агранамічнай службы.

На здымку: удзельнікі семінара ля сеялкі ААТ «Студзёнка».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *