Самаму вядомаму партызану Сенненшчыны споўнілася 100 гадоў

У мінулую суботу святкавалі 100-гадовы юбілей вядомага ў раёне чалавека, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, былога партызанскага камандзіра Аляксандра Дзмітрыевіча Клячына.

Нарадзіўся юбіляр на Яраслаўшчыне. Бацька яго быў цесляром, і з юных гадоў далучыў хлопца да гэтай справы.

 Першай вайной, якая ўварвалася ў лёс Аляксандра Клячына, была фінская. Яе ён прайшоў палітруком роты. Вялікую Айчынную сустрэў на Гродзеншчыне. Пасля цяжкіх абарончых баёў прыйшлося адступаць. Так апынуўся ў вёсцы Прыветак на Сенненшчыне, стаў ініцыятарам стварэння першых партызанскіх атрадаў. Спачатку быў камісарам, а потым узначаліў атрад імя Суворава, які ўвайшоў у брыгаду Ляонава. Партызаны яго атрада вялі актыўную барацьбу з акупантамі, удзельнічалі ў разгроме больш дзесяці фашысцкіх гарнізонаў на Віцеб­шчыне.

 Баявы шлях Аляксандра Дзмітрыевіча Клячына адзначаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны і Чырвонай Зоркі, шматлікімі медалямі.

 Са сваёй будучай жонкай партызанскі камандзір пазнаёміўся ў атрадзе, дзе яна была медсястрой. Пасля вайны павагу і пашану Клячын заслужыў сваёй плённай стваральнай працай. Працаваў у асноўным на кіруючых пасадах: дырэктарам цагельнага завода, старшынёй праўлення раённага спажывецкага таварыства, начальнікам міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі… Агульны працоўны стаж ветэрана складае 66 гадоў.

 Разам з жонкай, Марыяй Платонаўнай, выхаваў добрых дзяцей, мае ўнукаў і праўнукаў. Гэта галоўнае багацце доўгажыхара.

 На ўрачыстасці Аляксандра Дзмітрыевіча са 100-гадовым юбілеем павіншавалі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Зоя Фаміна, старшыня раённага савета ветэранаў Ядвіга Сыраваткіна, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Віктар Дзергачоў, ваенны камісар Сенненскага раённага ваеннага камісарыята Сяргей Пінчук, дырэктар будаўнічага прадпрыемства «Сенненская ПМК-64» Аляксандр Блізнюк, намеснік старшыні праўлення раённага спажыўтаварыства Надзея Шчур, першы сакратар Сенненскага райкама Камуністычнай партыі Беларусі Уладзімір Бяляцкі. Дарэчы, бацька Уладзіміра Іванавіча быў партызанам атрада імя Суворава. Камандзіру атрада Аляксандру Клячыну ўдалося вывесці частку атрада з акружэння на возеры Палік. Сярод тых, хто выратаваўся быў і Іван Бяляцкі. Яго сын выказаў шчырыя словы ўдзячнасці былому партызанскаму камандзіру.

 Павіншавалі ветэрана і будучыя абаронцы радзімы, удзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба «Спарта».

 Шмат цёплых пажаданняў прагучала ў гэты дзень у адрас юбіляра. Яго жыццё з’яўляецца прыкладам для новых пакаленняў. Многія, хто працаваў з ім і проста ведае Аляксандра Дзмітрыевіча Клячына, шчыра ўдзячны яму за мудрыя парады, бескарыслівую дапамогу, сяброўскую падтрымку.

 І цяпер 100-гадоваму юбіляру дапамагаюць жыць невычэрпны аптымізм, заўсёды ўласцівае яму пачуццё гумару і бязмежная дабрыня да людзей.

 Здароўя і бадзёрасці вам, паважаны юбіляр!

 Таццяна Буракова.

 На здымках: ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Дзмітрыевіча Клячына са 100-гадовым юбілеем віншуе намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна; выступае раённы хор ветэранаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *