На Сенненшчыне пераадолелі намалот у 1000 тон

Ігар Рукаль, камбайнер ПП «Дружбінец», які сёлета працуе разам з сынам Уладзіславам, зноў намалаціў 1000 тон збожжа. Вяршыня скарылася яму ў шосты раз за працоўнае жыццё.

З чарговай перамогай знакамітага хлебароба павіншаваў старшыня райвыканкама. Ён уручыў экіпажу падзячнае пісьмо. Дарэчы, упершыню тысячу тон збожжа за жніво Ігар Рукаль намалаціў тады, калі «Дружбінец» узначальваў Віктар Цапота.

 Да віншаванняў старшыні райвыканкама далучылася кіраўніцтва прыватнага прадпрыемства, райкама прафсаюза работнікаў АПК, уручыўшы лідарам жніва каштоўны падарунак і грашовую прэмію. Але, бадай, самым галоўным падарункам для экіпажа стала кніга «Памяць. Сенненскі раён». У бліжэйшыя гады плануецца яе перавыданне. І, як сказаў Сяргей Мяцеліца, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама, магчыма, у раздзеле «Знакамітыя асобы» з’явіц­ца прозвішча Рукаль.

 Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, рубеж у тысячны намалот у прыватным прадпрыемстве «Дружбінец» пераадолелі яшчэ тры экіпажы: Аляксандра і Яўгена Пашкевічаў, Васіля і Андрэя Бірулі­ных, Віктара Мялешкі і Канстанціна Мяцеліцы. Лідарамі ў раённым спаборніцтве на адвозцы збожжа з’яўляюцца таксама ва­дзіцелі прыватнага прадпрыемства. Аляксандр Сінякоў на аўтамабіле МАЗ-555605 перавёз 2185 тон, Васіль Пракаповіч на МАЗе 555142 — больш 2000.

 Ёсць рэальныя прэтэндэнты на «званне» тысячнік і ў іншых гаспадарках раёна.

 НА ЗДЫМКУ: Віктар Цапота віншуе з працоўнай перамогай Ігара і Уладзіслава Рукаляў.